|
|
Гісторыя Гародні ў чарговай кнізе Віктара Саяпіна
Гісторыі Гародні прысвечана чарговая кніжка Віктара Саяпіна, гарадзенскага краязнаўцы, які пяць гадоў збіраў і аналізаваў мясцовую перыёдыку ад 1913-га па 1941-ы гады. Аўтар кніжкі імкнуўся паказаць чытачу, чым жыла Гародня паміж святовымі войнамі, якія існавалі праблемы ў жыхароў, праектах уладаў, культурным ды спартовым жыцці. Сярод тэмаў кніжкі, найбольш галосныя здарэнні ў горадзе над Нёманам тае пары, кажа аўтар.
- Найбольшая складанасць – гэта пошук саміх газет, бо ў нас, у Гародні, засталося іх вельмі мала. Гэта і быў пачатак працы над маёй кнігай. У пошуку газет дапамаглі мае калегі, аднадумцы, краязнаўцы, гісторыкі: Андрэй Чарнякевіч, Таццяна Казак, Андрэй Вашкевіч.
Кніга падрыхтавана на падставе агляду газет: «Наше утро», «Голос Гродны», «Беларускае слова», «Echo Grodzieńskie», «Беларускі шлях», «На рубеже», «Dziennik Kresowy», «Głos prawdy ziemi Grodzieńskiej», «Зарница», «Dziennik Białostocki», «Nadniemeński Kurjer Polski», «Gazeta Białostocka», «Głos Grodzieński, «Głos Nadniemeński», «Gazeta Grodzieńska», «Nowe życie», «Dziennik Grodzieński», «Słowo», «Свабодная Беларусь» ды іншых. Усяго пры падрыхтоўцы выкарыстаны публікацыі больш як 50 –ці газет, што выдаваліся ў Гародні, Беластоку, Вільні ды Варшаве. Выданне ажыццявіла выдавецтва “Юрсапрынт”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня