|
|
Пабачылі свет нарысы па гісторыі культуры Беларусі
Нарысы па гісторыі культуры Беларусі “Палітыка, Культура, Асоба” аўтарства гарадзенскага прафесара Святланы Куль-Сяльверставай з'явіліся на гарадзенскім кніжным рынку. Навуковыя артыкулы асвятляюць літвінскую культурную традыцыю. Паводле Святланы Куль, задача кнігі – паказаць гэтую гісторыка-палітычную і цывілізацыйную з'яву.
– Ёсць тэмы, ёсць нават адкрыцці, якія я лічу важнымі не толькі для спецыялістаў, а ў прынцыпе для чытача, які цікавіцца гісторыяй Беларусі. За апошнія 2-3 гады я пісала тое, што мне падабаецца, тое, што я лічу важным, тое, што для мяне, як гісторыка, было этапным, хацела пазначыць прыярытэты. Пару месяцаў назад выйшла кніга маіх вершаў, і калі параўнаць гэтую манаграфію і вершы, то можна пабачыць, што вокладкі падобныя.
Як паведаміла Святлана Куль, сімвалізм такі, што не прачытаўшы яе вершы, не зразумееш гэтай кнігі. Нарысы напісаны навукова-папулярным жанрам, таму яна адрасавана як прафесійным гісторыкам, так і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі. Кнігу можна набыць у выдавецтве “Юрсапрынт”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня