|
|
У Дамачаве ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863-64 гадоў
Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасці Ганна Навакоўская ўсклала кветкі да помніка ў гонар загінулых, тут жа адбылася малітва за спачын герояў. На ўрачыстасць былі запрошаныя прадстаўнікі мясцовай улады, дыпламатычны корпус, грамадскія арганізацыі горада над Бугам.
Усяго ў мерапрыемстве ўзяло ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Ганна Навакоўская зазначае, што сэнс Студзеньскага паўстання застаецца важным і на сёння.
- Паўстанне доўжылася каля года. Закончылася вельмі крывава для яго участнікаў. Але дало надзею. Перадусім дало памяць для наступных двух пакаленняў пра тое, што надзея на атрыманне незалежнасці народу ніколі не памярае.
Урачыстасць у Дамачаве – не адзінае мерапрыемства Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці, што ладзіцца да 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага. За некалькі дзён да гэтага консульствам быў арганізаваны экскурсійны тур па мясцінах вобласці, звязаных з гэтай гістарычнай падзеяй. А 31 студзеня адбудзецца лекцыя прафесара Варшаўскага ўніверсітэта Аліцыі Кулецкай на тэму “Паўстанне 1863-64 гг у гісторыі Польшчы і Еўропы”.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.