|
|
Знакамітай гродзенскай паэтцы Дануце Бічэль споўнілася 75 гадоў. Тое, што людзі не чытаюць вершаў, сведчыць пра крызіс нацыі. Зараз шмат людзей, каму не патрэбна роднае слова, мяркуе яна. Да народзінаў друкуецца ў адным мінскім выдавецтве яе чарговая кніжка вершаў. Яна выдаецца за кошт аўтаркі. Гэта духоўныя вершы паэткі.
- Мая паэзія цяпер як бы не запатрабаваная. Яна знаходзіцца недзе ў 80-х гадах, у мінулым. Паколькі ў мяне няма другіх магчымасцяў, я выбрала тое, што пісала апошнія 10-15 гадоў таму, з духоўных вершаў. У мяне ёсць "Нашая вера", якая мяне падтрымлівае, таму я выдаю кніжачку “Іду сцяжынаю да Бога”.
Як паведамілі супрацоўнікі абласной бібліятэкі імя Карскага, запатрабаванасць у паэзіі Дануты Бічэль існуе. Але гродзенскія выдаўцы нібы забыліся пра сваю знакавую паэтку. Балазе іншыя творцы, музыкі пра яе не забываюць. Так гродзенскі гурт “Людзі на балоце” стаў актыўна ўжываць яе творы для стварэння кампазіцыяў свайго наступнага лірычнага альбома.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гродна