Песні, пачутыя з Урала-57 Шалкевічам

Беларускае Радыё Рацыя, Вацлаў Галімскі
14.12.2010


Канцэрт-прэзентацыя новай кнігі знакамітага гродзенскага актора і барда Віктара Шалкевіча пад назвай “Песні, пачутыя з “Урала-57” сабраў аншлаг у гродзенскім тэатры лялек.

На жаль, кнігу апавяданняў выдаўцы не паспелі даставіць своечасова, што крыху знервавала аўтара:

- Вось бяруцца такія дэмакраты за выданне кніжкі і не давозяць потым! У кнігу ўвайшло 21 апавяднанне пад агульнай назвай “Рэквіем па непатрэбных рэчах”. Узгадкі пра тыя непатрэбныя рэчы, якія з нас непасрэдна зрабілі такіх людзей, якімі мы ёсць. Матацыкл “Усход-2М”, радыёла “Урал-57”, гітара, якую мне падаравала мама...

Паміж песнямі з рэпертуару Пятра Лешчанкі, Марка Грэхуты ці польскага ансамбля “Чырвоныя Гітары” эпохі Кшыштафа Кленчана і Севярына Краеўскага Віктар Шалкевіч чытаў свае гумарныя апавяданні. Такім чынам аўтар запрэзентаваў яшчэ адну бачыну свайго таленту.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя