|
|
3 тысячы 600 старонак пра Ліду. Краязнаўча-гістарычна-літаратурны часопіс «Лідскі летапісец» адзначае 15-годдзе. Яго рэдактарам шмат гадоў з’яўляецца Станіслаў Суднік, а выдаўцом – “Выдавецкі дом Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Юбілейным з’яўляецца і чарговы, 60 па ліку нумар “Лідскага летапісца”, што і стала нагодай для размовы з рэдактарам часопіса Станіславам Суднікам.
РР: За 15 гадоў існавання “Лідскага летапісца”, што вы лічыце самым вялікім яго поспехам, самым вялікім дасягненнем?
Станіслаў Суднік: Тое, што цягам 15-ці гадоў існаваў фактычна адзін з нямногіх часопісаў у раённым цэнтры, які выходзіў рэгулярна, раз на 3 месяцы, быў зарэгістраваны, які прадаваўся і прадаецца ў шапіках “Саюздруку”, і які падняў вялізарны пласт краязнаўчай інфармацыі па такім “занядбаным” у краязнаўчым плане рэгіёне, як Лідчына. Фактычна сёння створана 3600 старонак тэкстаў, калі лічыць 60 нумароў па 60 старонак. Уведзена ў абарот вялікая колькасць новых крыніц інфармацыі. І фактычна за гэтыя 15 гадоў зроблена даступным для людзей новае Лідскае краязнаўства. Падняты вялікі пласт інфармацыі, і сёння гэтай інфармацыяй можа карыстацца кожны: напісана вялікая колькасць курсавых, дыпломных работ на аснове матэрыялаў “Лідскага летапісца”, гэтымі матэрыяламі карыстаюцца і музеі, і турфірмы, і ўсе, каму гэта цікава.
РР: Можна сказаць, што вы ў пэўным сэнсе адкрываеце старонкі гісторыі Лідчыны?
Станіслаў Суднік: Дакладней, робім гэтую гісторыю даступнай. Напрыклад, у польскім выданні ёсць матэрыял па гісторыі Лідчыны, то мы перакладаем і друкуем. Але разам з тым мы ўвялі ў карыстанне мноства крыніц інфармацыі, архіўных крыніц, напрацовак. Падцягнуты ў некаторай ступені ўжо і “свежыя” сілы да краязнаўства, у людзей ёсць імкненне нешта пісаць, даследаваць. Напрыклад, напісалі гісторыю 11-ай школы, гісторыю адукацыі на Бярозаўскім школазаводзе. Найноўшую гісторыю пішуць, тое, што было 20 гадоў таму.
РР: Вы маеце 300 экземляраў “Лідскага летапісца”. Якім чынам зацікаўленыя асобы могуць яго знайсці, атрымаць?
Станіслаў Суднік: Самыя шырокія магчымасці. Па-першае, па падпісцы на “Белпошце” або можна купіць у любым шапіку Ліды, у шапіку музея, дзе можна знайсці і рэтра-нумары. Таксама “Лідскі летапісец” даступны на сайце Рawet.net і на партале Kamunikat.org. Многія матэрыялы з’яўляюцца ў “Лідскай газеце” ды іншых рэгіянальных выданнях. Ніякіх праблем знайсці часопіс – няма.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя