|
|
Аўдыёкнігу ўспамінаў Ларысы Геніюш прэзентавалі ў Гродне
Прэзентацыя аўдыёкнігі ўспамінаў беларускай паэткі Ларысы Геніюш “Птушкі бяз гнёздаў” прайшла ў Гродне. Ларысу Геніюш чыталі, а цяпер будуць і слухаць. Заля, дзе адбылася прэзентацыя, была перапоўнена. Кіраўнік праекта Яраслаў Іванюк кажа, што важна было выдаць гэты твор і для новага пакалення, у папулярным фармаце аўдыёкнігі:
- Да кнігі, якая выйшла ў 1993 годзе ў Мінску пад назвай “Споведзь”, я вярнуўся недзе тры гады таму. Гэтую кнігу я перачытваў другі раз, і яна мела для мяне зусім іншае значэнне, чым у тым жа 1993 годзе. Тады я зразумеў, што пакаленне маладых беларусаў з Беласточчыны нешта павінна пакаленню Ларысы Геніюш, менавіта таму мы як “Беларускае гістарычнае таварыства” вырашылі выдаць гэтую кнігу яшчэ раз у нас на Беласточчыне.
Падчас прэзентацыі выступілі Міхась Скобла, Зінаіда Бандарэнка, Данута Бічэль ды Аляксей Пяткевіч. Завяршылі імпрэзу песні на словы Ларысы Геніюш у выкананні Алеся Камоцкага. Аўдыёкніга выдадзена праграмай “Памяць па-над часам і межамі”. Як паведаміў Яраслаў Іванюк, сёлета з’явіцца і польскамоўнае выданне ў папяровым выглядзе. Пераклад на польскую мову зрабіў Чэслаў Сэнюх.