Чарговая кніга пра Жыровічы

Чарговая кніга пра Жыровічы


Кнігай “Жыровіцкая пастараль” інак Мікалай і Алесь Клышка аднавілі сваю творчую калекцыю. Выйшла іх новае сумеснае выданне, якое стане дапаўненнем ранейшых прац “Жыровіцкія камяні” і “Шлях да Жыровічаў”. Яны пабачылі свет у інтэрвале аднаго года з 2006 па 2007 г.г. Праз пяць год з'явілася і трэцяя кніга.

Такім чынам, гаворыць краязнаўца Сяргей Чыгрын, ужо можна весці размову аб трылогіі.

- Такія кніжкі сапраўды патрэбныя. Толькі яны вельмі рэдка выходзяць у Беларусі. Тым больш, што яна выходзіць на роднай мове. Тым больш, што інак Мікалай – вядомы паэт Зніч (Алег Бембель). Алесь Клышка таксама добры паэт. Цікавы іх філасофскі роздум. Кніга знойдзе свайго чытача. І яна зацікавіць тых, хто думае пра нашу літаратуру, пра нашу будучыню, наогул пра Беларусь.

Трэцяя кніга значна адрозніваецца ад ранейшых. Яна далёка ад сапраўднай ідыліі нашага складанага, няпростага жыцця, пра якое разважаюць інак Мікалай і Алесь Клышка. “Жыровіцкая пастараль” прэтэндуе стаць духоўнай пастараллю для ўсіх беларусаў, лічыць Сяргей Чыгрын. Ён дадае: "Верыцца, што жыццё беларусаў, насамрэч, стане светлым і шчаслівым, бо, як бы там не было, Беларусь у аўтараў гэтага выдання, пачынаецца са святых Жыровічаў, бо “тут — сэрца Беларусі і да яго — у кожнага — свой шлях”.

Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя