|
|
На Століншчыне ўлады абмяркуюць пытанне пра наданне гісторыка-культурнага статусу помніку вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў. Вялізны крыж і мемарыяльны знак, усталяваныя ў 1974 годзе пры савецкай уладзе, знаходзяцца ў вёсцы Калоднае. Менавіта тут адбыўся апошні бой атрада аднаго з лідараў паўстання Рамуальда Траўгута.
Пытанне ўзняў стараста вёскі, які направіў адпаведны запыт у раённы выканаўчы камітэт. Па словах Міхаіла Карсекі, сэнс у гэтым ёсць, а яшчэ неабходна ўшанаваць памяць забітых паўстанцаў, якія пахаваныя ў лесе:
-У мінулым годзе мы зацікавіліся месцам пахавання. Тут загінула сем чалавек. У тым ліку і доктар Пятроўскі. Дзе ж іх пахавалі? Бо пасля таго, як яны тут былі разбітыя, яны перабраліся ў лес, зрабілі там будан (тая мясцовасць і зараз завецца Старая Буда). Яны адпачылі там некаторы час, пахавалі загінулых сяброў. Падзяліліся па 10 чалавек і дабіраліся назад на Кобрыншчыну і Брэстчыну. Але мы не знайшлі, дзе пахаваныя гэтыя людзі.
Рашэнне столінскія ўлады павінны прыняць сёння. У 2013 годзе споўніцца 150 год вызваленчаму паўстанню народаў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны.
Юрась Палескі, Беларускае Радыё Рацыя