|
|
Палітычная ідэалогія заўсёды дамінавала над культурай
У дыпламатычных адносінах Беларусі і Швецыі ўсё яшчэ не з’явіліся перадумовы да пацяплення. Здаецца, што беларускія ўлады пакрыўдзіліся на скандынаўскіх партнёраў усур’ёз і надоўга. Сяброўства дзвюх краін працягваецца хіба што на культурнай ніве, у прыватных творчых адносінах. Феномен прыцягнення шведскай і беларускай культур лёгка тлумачыць даследчык старажытнай літаратуры Генадзь Праневіч у гутарцы з Алесяй Лугавой.
РР: Беларусь і Швецыя - ці не штучнае гэта супрацоўніцтва менавіта на культурнай ніве?
Генадзь Праневіч: Абсалютна не штучнае, я б сказаў нават глыбіннае і перспектыўнае. Сучасныя культурныя кантакты Беларусі звычайна былі скіраваныя на Еўропу, дзейнічае такая паралель Захад-Усход. Мы забываемся, што Сярэднявечча, эпоха Рэнесансу мела яшчэ адну лінію судакранання - гэта той самы шлях з вараг у грэкі. Як старажытная Русь паводле нарманскай тэорыі, яе асновы ўзніклі з істотным удзелам варагаў, альбо скандынаўскага насельніцтва. Прычым гісторыя гэтых кантактаў са Cкандынавіяй не завяршаецца сярэднявеччам, бо яна яшчэ ўключае гісторыю пазнейшую, час Вялікага княства Літоўскага - так званую Паўночную вайну Расіі са Швецыяй, якая ўласна кажучы адбывалася і працякала на землях Беларусі. Вядомыя гравюры Брэста 16-га стагоддзя былі зроблены шведам Дальбергам.
РР: Дзякуючы чаму ўзнавіліся, існуюць сувязі са Швецыяй?
Генадзь Праневіч: З’явіліся пэўныя ўмовы, яны былі створаныя палітычнымі абставінамі. Знікла “жалезная заслона”, адкрыўся свет, а таксма ўнутраны рух, які звязаны з завяршэннем фармавання беларусаў як нацыі – ён запатрабаваў гэтых кантактаў. Пазнаць сябе больш глыбока можна праз супрацьпастаўленне з іншымі. Якія мы былі, якія мы сталі, якімі мы хочам быць? - пошук адказаў на гэтыя пытанні запатрабаваў адкрыцця гэтага шляху з варг у грэкі, але цяпер яшчэ з грэкаў у варагі, так што я думаю, што гэта аб’ектыўны працэс, ён ідзе знутры.
РР: Ці пашкодзяць на ваш погляд напружаныя дыпламатычныя адносіны ўжо ўстаноўленым сувязям?
Генадзь Праневіч: Безумоўна пагроза існуе, таму што палітычны чыннік у нас заўсёды дамінаваў над чыннікам культурным, палітычная ідэалогія заўсёды дамінавала над культурай. Культура ў сваім аб’ектыўным значэнні – гэта самая важная пляцоўка, плацдарм для дыялогу. Калі палітыка і ідэалогія не вынікаюць з гэтага культурнага зместу, то гэта безумоўна можа пашкодзіць гэтым кантактам, у якіх маюць патрэбу абодва бакі. Урэшце гэта можа пашкодзіць развіццю самой Беларусі - і ў эканамічным, і ў культурным плане. Але мне здаецца, што ўсё ж такі перспектыва існуе, што гэтыя цяжкасці часовыя. Аб’ектыўна стан рэчаў павінен спрыяць пашырэнню дыялога і кантактаў, ён павінен пераадолець гэтыя часовыя палітычныя непаразуменні.
Брэст на ўзроўні са сталіцай адчувае наяўнасць адзначаных Генадзем Праневічам творчых сувязяў дзякуючы святкаванню тут дня шведскай і беларускай літаратуры. Чакаецца, што, негледзячы на дыпламатычныя перашкоды, у наступным годзе адзін дзень ператворыцца ў День названых літаратур.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя