"Адплываем з Мора" - новая нізка вершаў Віктара Шведа

Беларускае Радыё Рацыя, Зміцер Косцін
13.12.2010


Новы зборнік вершай беларускага паэта з Беласточчыны Віктара Шведа, пабачыў свет у Беластоку.

У выдадзеным тыднёвікам "Ніва" зборніку змешчаныя творы апошніх гадоў ды вершы, якія друкаваліся на старонках "Нівы" і не ўвайшлі ў папярэднія зборнікі аўтара.

Як адзначае сам Віктар Швед, назва зборніку "Адплываем з Мора" навеяная нядаўнім падарожжам у родную вёску Мора, дзе жыла сям’я Шведаў:

– З роду Шведаў застаў адзін я, як апошні магікан. Я тут сабраў такія вершы, што не ўваходзілі ў мае папярэднія зборнікі – гэта раз, а па-другое – шмат напісаў новых вершаў, якія тут змешчаныя. Я вельмі цешуся, што я яшчэ, маючы 85 гадоў, магу пісаць вершы. Я часам ужо нават гаварыў сваім сябрам, што гэта ўжо будзе апошняя мая кніжка, але Бог ведае, як гэта кончыцца. Яшчэ жыву і яшчэ пішу.

Віктар Швед, якія ў гэтым годзе адзначыў 85-гадовы юбілей, з’яўляецца адным з найбольш плённых беларускіх аўтараў на Беласточчыне. Па падліках самога паэта, на працягу 50 гадоў творчасці толькі на старонках тыднёвіка беларусаў у Польшчы з’явілася каля дзвюх з паловай тысяч вершаў яго аўтарства.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя