Вынікі Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства

Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства


Беларускія НДА абяцаюць працаваць у рэгіёнах, а польскія дыпляматы – вырашыць праблему чэргаў у консульствах.

У пятніцу ў Стакгольме завершыўся 4-ы Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства. Больш за 220 прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў з краінаў Эўразьвязу й 6 дзяржаваў-суседзяў аб’яднанай Эўропы сабраліся, каб зацьвердзіць пляны супрацоўніцтва й выбраць новае кіраўніцтва. У форуме ўзялі ўдзел прадстаўнікі Эўракамісіі й высокапастаўленыя дыпляматы краінаў Эўразьвязу.

У новае кіраўніцтва Форуму грамадзянскай супольнасьці выбралі траіх беларусаў: старшыню экалягічнага таварыства “Зялёная сетка” Яраслава Бекеша, прадстаўніка Эўрапейскага моладзевага форуму Мікалая Кванталіані, а таксама дырэктара Офіса за дэмакратычную Беларусь Вольгу Стужынскую.

Форум быў створаны, каб недзяржаўныя арганізацыі з краінаў Усходняга партнэрства маглі кантраляваць, як іх урады рэалізуюць праграмы супрацоўніцтва з Эўразьвязам ды даць Брусэлю свае парады. Форум дае рэальную магчымасьць уплываць на супрацу Кіева з Брусэлем, кажа кіраўнік украінскага Агенцтва прававых ініцыятываў Ігар Когут.

І. Когут: Форум дае магчымасьць данесьці сваё меркаваньне наконт розных праграмаў эўрапейскай інтэграцыі да Эўрапейскай камісіі, Эўрапарлямэнта, Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня. Таксама мы можам арганізавана ўплываць на свае ўрады, інфармаваць грамадзтва, вучыцца прымаць рашэньні.

Беларускі ўрад з Эўразьвязам практычна не супрацоўнічае, таму трэцяму сэктару кантраляваць няма чаго. Аднак удзел у Форуме грамадзянскай супольнасьці ўсё роўна застаецца вельмі карысным. Па-першае, дзякуючы форуму беларускія грамадзкія арганізацыі ўпершыню змаглі аб’яднацца ў нацыянальную плятформу й наладзіць супрацоўніцтва. Па-другое, беларуская нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці фактычна засталася адзіным прадстаўнічым ворганам, празь які Эўразьвяз кантактуе зь Беларусьсю, кажа новаабраны кіраўнік нацыянальнай плятформы Яраслаў Бекеш.

Якія пляны вызначылі сабе беларускія няўрадавыя арганізацыі на бліжэйшы год? Яны возьмуць удзел дыялёгу для мадэрнізацыі, актывізуюць працу ў рэгіёнах, а таксама створаць “нацыянальныя праграмы”. Падрабязьней на гэтую тэму распавядае кіраўнік беларускай нацыянальнай плятформы Яраслаў Бекеш.

Я. Бекеш: Па-першае, мы хочам уключыцца ў гэты мэханізм пабудовы стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, які называецца Дыялёг для мадэрнізацыі. Другі прынцыповы момант – праца ў рэгіёнах. У нашых рэгіёнах ёсьць няўрадавыя арганізацыі, іх кааліцыі, якія недастаткова ўдзельнічаюць у працы нацыянальнай плятформы, Ўсходняга партнэрства, дыялёгу для мадэрнізацыі. Трэці накірунак можна ўмоўна назваць запускам “нацыянальных праграмаў” – у галіне культуры, моладзевай палітыкі, рэформы адукацыі. Гэтыя праграмы будуць распрацоўвацца на працягу гэтага году.

Форум – гэта добрая нагода, каб задаць пытаньні высокапастаўленым эўрапейскім дыпляматам. У сустрэчы прынялі ўдзел швэдзкі міністар па справах Эўразьвяза Брыгіта Ольсан, эўракамісар Штэфан Фюле й намесьніца міністра замежных справаў Польшчы Катажына Пэлчынска-Налэнч. У польскай дыпляматкі мы запыталіся, як Польшча намерана вырашыць праблемы з рэгістрацыяй візавых анкетаў у консульствах ў Беларусі.

К. Пэлчынска-Налэнч: Наша палітыка заключаецца ў тым, каб максымальна лібэралізаваць выдачу візаў. У выніку попыт на іх вельмі вырас, зьявіліся чэргі. Можна сказаць, што мы сталі ахвярамі ўласнага посьпеху. Ёсьць тут таксама іншая праблема, зьвязаная з пэўнымі арганізацыямі, сіламі, якія супрацьстаяць польскай актыўнасьці ў сфэры візаў і ўскладняюць працэс электроннай рэгістрацыі. Супрацьдзеяньне гэтаму патрабуе каштоўных і тэхнічна складаных рашэньняў. Гэта зойме некаторы час. Але мы усьведамляем праблему й рашуча настроеныя такія шкодныя дзеяньні спыніць.

На форуме было аб’яўлена пра стварэньне спэцыяльнага Фонду Ўсходняга партнэрства і пачатак працы Эўрапейскага фонду дэмакратыі, куды Польшча пералічыла першыя 5 мільёнаў эўра. Акрамя таго прадстаўнікі Эўразьвязу й Малдовы далі старт маштабнай праграме супрацоўніцтва ў галіне экалёгіі. Лідарамі па збліжэньню з ЭЗ у гэтым годзе прызнаныя Малдова, Грузія й Армэнія. Наступны Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства пройдзе праз год у Кішынёве.

Аляксандар Папко

Фота
  • Фота 1/7
  • Фота 2/7
  • Фота 3/7
  • Фота 4/7
  • Фота 5/7
  • Фота 6/7
  • Фота 7/7

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё