С. Эрыксан: Сэрцам я буду зь Беларусьсю заўсёды

С. Эрыксан: Сэрцам я буду зь Беларусьсю заўсёды


"Нашая задача – нагадваць пра існаваньне Беларусі. Забывацца на Беларусь нельга"

Беларусь нікуды не падзенецца ад супрацоўніцтва з Эўропай, а эўрапейскасьць закладзеная ў генах беларусаў – заявіў у інтэрвію Польскаму Радыё былы амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан. Таксама ён распавёў, чаму Швэцыю цікавіць Усходняя Эўропа і як, на яго думку, падтрымаць сувязь беларускага грамадзтва з Эўропай. З добра вядомым ў Беларусі швэдзкім дыпляматам размаўляў у Стакгольме Аляксандар Папко.

Спадар амбасадар, скажыце, калі ласка: якія інтарэсы мае Швэцыя ў Беларусі ды Украіне й чаму Швэцыя была адным з ініцыятараў праграмы Ўсходняга партнэрства?

С. Эрыксан: Швэды традыцыйна цікавяцца тым, што адбываецца ў сьвеце. Інтарэс да Беларусі, а таксама да Ўкраіны, абсалютна натуральны – гэта наш суседзкі рэгіён. Беларусь знаходзіцца вельмі блізка да нас. Таму ня трэба зьдзіўляцца, што мы сталі адным са стваральнікаў Усходняга партнэрства.

Ці маеце Вы ўражаньне, што беларускае грамадзтва й дзяржава сёньня ізалююцца ад Эўропы? Як падтрымаць сувязь беларускага грамадзтва з Эўропай ды эўрапейскімі каштоўнасьцямі?

С. Эрыксан: Я не заўважыў, што грамадзтва стала ізалявацца ад Эўропы. Наадварот, актыўны ўдзел беларусаў у Форуме грамадзянскай супольнасьці, які праходзіць зараз у Стакгольме, паказвае што беларускае грамадзтва хоча мець сувязі з Эўропай. Мабыць, з дзяржаўнага боку ёсьць пэўныя дзеяньні па ізаляцыі, але правільным было б сказаць, што ўлады не выкарыстоўваюць да канца магчымасьцей для супрацоўніцтва, якія існуюць. Але я думаю, што Беларусь вернецца да супрацоўніцтва з Эўразьвязм. Нікуды яна не дзенецца – Беларусь знаходзіцца на скрыжаваньні, і бяз блізкіх, даверлівых адносінаў з Эўропай ёй будзе няпроста.

Як, на вашую думку, можна павялічыць кантакты беларускага грамадзтва з Эўропай?

С. Эрыксан: Перадусім, трэба мець цікавасьць да Эўропы. Тут вельмі шмат залежыць ад саміх беларусаў. З боку Эўрапейскага зьвязу мы робім захады, каб зацікавіць шырокія слаі беларускага грамадзтва пытаннямі, якія датычаць эўрапейскага шляху разьвіцьця. Аднак важна, каб людзі самі да гэтага прыйшлі. Я думаю, што ў генах беларусаў гэта ёсьць. Ёсьць цікавасьць да Эўропы й разуменьне таго, што трэба вывучаць досьвед іншых краінаў. Не таму, што мы ведаем адказы на ўсе пытаньні, а таму, што вучыцца адзін у аднаго трэба.

Скажыце, калі ласка: ці цікавяцца беларускай праблематыкай у Швэцыі? Ці ня зьнік інтарэс да Беларусі ў Брусэлі?

С. Эрыксан: У Швэцыі Беларусьсю дакладна цікавяцца. Я не магу паручыцца за кожнага швэда, але сьвядомая частка нашага грамадзтва добра ведае, дзе знаходзіцца Беларусь і перажывае за тое, што часам адбываецца ў вашай краіне. У Брусэлі таксама зацікаўленасьць ёсьць. Канешне, зьявілася пэўная стомленасьць ад таго, што прагрэсу няма. Калі ў сьвеце адбываецца шмат іншых падзеяў, калі у самой Эўропе таксама існуюць праблемы, то магчыма, увагі да Беларусі не хапае. Аднак нашая задача – нагадваць пра існаваньне Беларусі. Забывацца на Беларусь нельга.

Ці зьбіраецеся Вы працягваць працаваць над беларускай тэматыкай – у дзяржаўных установах альбо прыватна?

С. Эрыксан: Скажу так: маё сэрца назаўжды застанецца зь Беларусьсю. Пасьля 7 гадоў працы ў гэтай краіне іначай быць ня можа. Сэрцам я буду зь Беларусьсю заўсёды. Наконт працы – будзе бачна, але забывацца на Беларусь ня буду.

Размаўляў Аляксандар Папко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё