Выйшаў аўдыёбук “Птушкі бяз гнёздаў” з успамінамі Ларысы Геніюш


„Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі бяз гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога” – піша ва ўспамінах Ларыса Геніюш пра сваю сям’ю, якаую воляй лёсу кідала па свеце. Успаміны - гэта, па сутнасьці, гісторыя пакаленьня беларусаў, якія былі „вечнымі чужынцамі” – ці гэта ў II Рэчпаспалітай, ці ў Чэхіі, ці – урэшце – у Сібіры.

Аддаючы даніну памяці выдатнай дачцы беларускай зямлі Ларысе Геніюш, Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы і Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org, выдала яе ўспаміны “Птушкі бяз гнёздаў” у форме аўдыёкнігі. Успаміны Ларысы Геніюш агучыла народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Прэзентацыі выдання адбудуцца:
у Горадні - 5 лістапада 2012, 18:30 - вул. Будзёнага 48а, зала № 38
у Менску - 6 лістапада 2012, 18:00 - Галерея Ў, пр-т Незалежнасцi 37а

У сустрэчах прымуць удзел народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, бард і аўтар песень на словы Л. Геніюш Алесь Камоцкі, даследчык яе творчасці Міхась Скобла.

Кожны прысутны на сустрэчы атрымае ў падарунку аўдыёкнігу “Птушкі бяз гнёздаў”.

Прэзэнтацыя аўдыёкнігі Ларысы Геніюш “Птушкі бяз гнёздаў” у Гарадні адбудзецца пры падтрымцы кніжнай серыі "Гарадзенская Бібліятэка", у Менску – пры падтрымцы Згуртавання Беларусаў свету Бацькаўшчына.

Аўдыёкніга “Птушкі бяз гнёздаў” пабачыла свет ў межах – праекту “Памяць па-над часам і межамі”. Таксама неўзабаве ўспаміны Ларысы Геніюш выйдуць у перакладзе на польскую мову. Над тэкстам працаваў адзін з лепшых перакладчыкаў – Чэслаў Сенюх. Польскі варыянт кнігі будзе ўзбагачаны архіўнымі фотаздымкамі, зь якіх частка дагэтуль нідзе не публікавалася, а таксама абшырнымі каментарамі гісторыкаў.

* * *
Ларыса Геніюш нарадзілася 27 ліпеня (9 жніўня па старым стылі) 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы каля вёскі Воўпа Гарадзенскага павету Гарадзенскай губэрніі. Скончыла Ваўкавыскую гiмназiю (1928). У 1937-1948 жыла ў Празе. У сакавіку 1943 стала Генэральным сакратаром урада i займалася захаваньнем і ўпарадкаваньнем архiва БНР. 5 сакавіка 1948 арыштаваная з мужам у Вiмпэрку (Чэхiя) і 12 жніўня перададзеная савецкiм уладам. Утрымліваліся ў савецкiх турмах Вены i Львова, з канца 1948 у турме ў Менску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў мiнiстар Дзяржбясьпекi БССР Л. Цанава, які беспасьпяхова патрабаваў ад яе перадаць архiвы БНР. У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зьняволеньня ў лягерох. Пакараньне адбывала ў лягерох Iнта i Абезь (Комi АССР) i ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабiлiтаваная, тэрмiн пакараньня зьменшаны да 8 гадоў, якiя ужо прайшлi з моманту прысуду. Пасьля вызваленьня пасялiлiся на радзiме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Памерла Л. Геніюш 7 красавіка 1983 у Зэльве, дзе і знаходзіцца яе магіла.

Крыніца: Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org