Подпісы ў падтрымку Андрэя Чарнякевіча

Подпісы ў падтрымку Андрэя Чарнякевіча


Група гродзенскіх гісторыкаў падрыхтавала адкрыты ліст у падтрымку звольненага суаўтара “Гродназнаўства” Андрэя Чарнякевіча. Зварот скіраваны да міністра адукацыі ды кіраўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту імя Янкі Купалы. Адзін з падпісантаў, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук лічыць, што выпадак звальнення навукоўца з пасады па ідэалагічнай прычыне патрабуе ад калегаў салідарнасці.

- Патрэбная салідарнасць калегаў, салідарнасць гісторыкаў, інтэлігенцыі. Тое што адбываецца з Чарнякевічам – гэта чарговая праява рэпрэсій у нашым горадзе супраць тых прадстаўнікоў інтэлігенцыі (у дадзенай сітуацыі - гісторыкаў), якія сумленна выконваюць свае абавязкі, працуюць прафесійна, а не пераўтвараюцца ў нейкіх лакеяў. У Беларусі салідарнасць - рэч вельмі няпростая. Для кожнага, хто захоча паставіць свой подпіс, гэта будзе няпросты выбар, асабліва для чалавека, які працуе ў нейкіх дзяржаўных структурах.

Збор подпісаў пад адкрытым лістом працягваецца. Да яго, на думку Алеся Смалянчука, могуць далучыцца як прадстаўнікі інтэлігенцыі, так і навукоўцы, ды нядаўнія калегі па працы Андрэя Чарнякевіча.

Фота Твой стыль

* * *

Адкрыты ліст

да міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь сп. С.А.Маскевіча,
да кіраўніцтва Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэту імя Я.Купалы

Навуковая супольнасць гісторыкаў, як у Беларусі так і за межамі краіны, з непакоем успрыняла звальненне з працы па надуманых прычынах дацэнта ГрДУ вядомага гісторыка Андрэя Чарнякевіча. Абставіны звальнення сведчаць, што сапраўднай яго прычынай стала не парушэнне працоўнай дысцыпліны (два спазненні на лекцыю і замена з калегай па дазволу кіраўніка), а ўдзел А.Чарнякевіча ў напісанні кнігі “Гродназнаўства”.
У горшых традыцыях камуністычнага таталітарызму некаторыя службовыя асобы праявілі недарэчную “ідэалагічную пільнасць” адносна працы, якая прайшла прафесійнае рэцэнзаванне, двойчы друкавалася універсітэцкім выдавецтвам і рэкамендавана да ўжывання ў гарадзенскіх школах на факультатыўнай аснове. У прыватнасці, раздражненне чыноўнікаў выклікала змяшчэнне ў кнізе гістарычных і дзяржаўных сімвалаў Беларусі – герба “Пагоні” і бел-чырвона-белага сцяга.
Сп. Андрэй Чарнякевіч з’яўляецца прафесійным гісторыкам, які стварае свае працы, кіруючыся навуковым сумленнем, а не ідэалагічнымі інструкцыямі кожнай чарговай улады. Ягонае звальненне мы успрымаем як пераслед за навуковую добрасумленнасць, як забарону на прафесію.
Чакаем ад кіраўніцтва універсітэта і міністэрства адукацыі аднаўлення на пасадзе кваліфікаванага спецыяліста-выкладчыка, які за 11 гадоў працы не меў аніводнай наганы.
Прыпамінаем, што апошнюю ацэнку як прарэктару С.У.Агіевец, так рэктару Я.А.Роўбе, міністру С.А.Маскевічу і іншым датычным да справы асобам, будзем ставіць мы, гісторыкі.

Аляксандр Краўцэвіч (Гародня), доктар гістарычных навук
Алесь Смалянчук (Гародня), доктар гістарычных навук

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя