|
|
Завершыся другі Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
Значная частка Міжнароднага кангрэсу дасследчыкаў Беларусі, які завяршае сваю працу ў Коўне, прысвечаная гістарычнай тэматыцы – ад Сярэднявечча і да нашых дзён. Гаварылася пра супольнасць спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і пра гістарычныя асаблівасці беларуска-польска-літоўскага памежжа. Даволі шырока прадстаўлены на кангрэсе і гродзенскія гісторыкі, між іншым прысутнічае вядомы навуковец Алесь Смалянчук, падчас размовы з якім не пазбеглі мы тэмы пераследу аўтараў падручніка “Гродназнаўства”:
- Безумоўна, што выданне “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада” фактычна знікла за палову месяца. Было некалькі прэзентацый, і кніжка па-просту разыйшлася імгненна. Попыт на яе каласальны. Трохі дзіўна выглядае тое, што адбываецца ў горадзе, таму што гэта было ўжо трэцяе выданне. Першыя два прайшлі ціха і спакойна. А калі выйшла трэцяе – вельмі прыгожае, добра ілюстраванае, якое зместам асабліва ад папярэдніх не адрознівалася, вось тут пачаліся сапраўдныя рэпрэсіі.
Адзначым, што адзін з аўтараў падручніка “Гродназнаўства” – Андрэй Чарнякевіч – звольнены з Гродзенскага купалаўскага ўніверсітэта. Астатніх або выклікалі на размовы, або імі зацікавілася падатковая інспекцыя. Падручнік выйшаў афіцыйна, прайшло яго некалькі прэзентацый, трапіў у кнігарні, але пазней нечакана пачаўся сапраўдны пераслед ягоных аўтараў.
* * *
Доктар славянскай філалогіі Арнольд Макмілін з Вялікабрытаніі прымае ўдзел у Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ўжо другі раз. Сёлета брытанскі даследчык літаратуры прыехаў з тэмай, прысвечанай творчасці беларускага паэта Ўладзіміра Някляева. Навуковец надзвычай цікавіцца паэзіяй, напісанай за кратамі, таму захоплены някляеўскімі “Лістамі да Волі”, але пры гэтым, як кажа Арнольд Макмілін, самым галоўным падчас кангрэсу застаюцца сустрэчы з людзьмі:
- Я атрымаў запрашэнне ад Сяргея Кавалёва прыняць удзел у працы яго секцыі пра беларускую літаратуру. І галоўная цікавасць для мяне – гэта не палітыка, не злачынствы. Трэба сустракацца з інтэлігентнымі, прыемнымі, культурнымі людзьмі. І тут шмат іх.
Падчас размовы Арнольд Макмілін таксама выказаў сваё захапленне творчасцю Ларысы Геніюш, адзначыў трагічнасць яе лёсу і непрызнанасць у Беларусі на афіцыйным узроўні да сённяшніх дзён. Навуковец адзначыў, што развіццю ягонай зацікаўленасці беларускай літаратурай значна паспрыялі беларусы Вялікабрытаніі.
* * *
20 тэматычных секцый, каля 400 удзельнікаў і гасцей, шырокія пленарныя дыскусіі – ў Коўне завяршае працу другі Міжнародны кангрэс дасследчыкаў Беларусі. Тэматыка абмеркаванняў надзвычай шырокая – ад пераасэнсавання супольнасці гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дасследаванняў грамадзянскай супольнасці да гендэрнай палітыкі Беларусі і рэфармавання сістэмы адукацыі.
Па выніках працы форуму, як адзначае старшыня арганізацыйнага камітэту Андрэй Казакевіч, плануецца адмысловае выданне:
- Гэта значыць, што пасля кангрэсу кожны чалавек мае права падаць у друк кароткае рэзюмэ свайго выступу альбо свайго даследавання, прыкладна ў 3-7 старонак. Акрамя гэтага, кожны ўдзельнік можа падаць і разгорнуты артыкул для таго, каб надрукаваць у акадэмічных выданнях, з якімі мы супрацоўнічаем. Мы прымаем матэрыялы на ўсіх працоўных мовах.
Па выніках працы леташняга Міжнароднага кангрэсу дасследчыкаў Беларусі таксама выйшлі працоўныя матэрыялы, якія былі даступныя ў продажы. Падчас кангрэсу працавала выстава-продаж літаратуры на тэмы, датычныя зместу самаго мерапрыемства.
* * *
Адной з галоўных задач Міжнароднага кангрэсу дасcледчыкаў Беларусі, які праходзіць у Коўне, ёсць абмен ідэямі і думкамі, удзел у дыскусіях, сустрэчы з калегамі з розных краін свету. Нямецкі навуковец Фелікс Акерман шмат гадоў сваёй працы прысвяціў Гродну, у якой жыў некалькі гадоў. Цяпер дасследчык працуе ў Вільні ў ЕГУ, але працягвае закранаць таксама гродзенскую тэматыку:
- Магчымасці, каб далей ісці гэтым шляхам, займацца выключна Гродна, у мяне няма. Але сам факт, што я працую ў Вільні, сведчыць пра тое, што ёсць сувязь, і я спрабую звязаць праекты гісторыі вязняў у Гродне з новым даследаваннем вязняў на Лукішках у Вільні. Гэта будзе нейкі крок з Гродна ў Вільню, які мае сувязь з тым, што я рабіў раней у Гродне.
У Коўне, падчас другога кангрэсу, прагучала каля 300 тэматычных выступаў дасследчыкаў з Беларусі, Расеі, Польшчы, Літвы, Украіны, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Японіі, Чэхіі, Францыі ды іншых краін. Па выніках працы другога Міжнароднага кангрэсу дасследчыкаў Беларусі плануецца адмысловае выданне, а само мерапрыемства мае стаць традыцыйным.
* * *
Па выніках Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі з’явіцца выданне з матэрыяламі выступоўцаў – кажа адзін з арганізатараў кангрэсу, палітолаг Дзяніс Мельянцоў. Гэта дазволіць сабраць разам вынікі працы многіх даследчыкаў Беларусі з розных краін свету і працягне традыцыю папярэдняга кангрэсу. Кажа палітолаг:
- Пасля правядзення кангрэсу ўдзельнікі, якія чыталі свае даклады, змогуць даслаць пашыраныя версіі тэзаў, што ўжо дасылалі, для таго, каб яны былі ўключаны ў такі зборнік. Думаю, праз некалькі месяцаў ён з’явіцца і ў друкаваным выглядзе, і на сайце “Палітычнай сферы”, як і мінулы зборнік.
У другім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі прымаюць удзел больш за 300 навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Польшчы ды іншых краінаў свету. Кангрэс арганізуецца супольна дзясяткам навуковых і грамадскіх установаў Беларусі, Літвы ды Польшчы.
* * *
Пра пазіцыю Літвы адносна беларускага пытання на паседжанні Рады Еўрасаюза казаць яшчэ рана, адказаў на пытанне нашага Радыё пасол Літвы ў Мінску Лінас Лінкявічус. Цяпер у Літве вядуцца дыскусіі на гэты конт, але пра рашэнне нічога сказаць не магу, сказаў літоўскі дыпламат.
– Вы зразумейце мяне правільна, я амбасадар Літвы ў Мінску, я не буду цяпер разважаць, што можа адбыцца, давайце пачакаем да сярэдзіны месяца альбо да канца.
15 кастрычніка ў Бурселі павінна прайсці паседжанне Рады ЕС, адной з тэмаў якога будзе пытанне санкцыяў у адносінах да Беларусі. Вядома, што Польшча мае намер заняць жорсткую пазіцыю на пашырэнне чорнага спісу.
* * *
Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі – важная пляцоўка для сустрэчы навукоўцаў, кажа дырэктар інстытуту даследвання Усходняй Еўропы Варшаўскага ўнівэрсітэта Ян Маліцкі. Інстытут выступіў адным з арганізатараў кангрэсу, які цягам трох дзён праходзіць у літоўскім Коўне. Наш інстытут актыўна даследуе Беларусь і мы з задавальненнем далучыліся да арганізацыі кангрэса.
– Лічым гэта вельмі важным, каб дзесьці недалёка ад Беларусі было месца, дзе могуць сустракацца тыя, хто займаецца Беларуссю. Кожны год у ліпені на вялікай усходнееўрапейскай канферэнцыі, каторая называецца Warsaw East European Conference у Варшаве збіраюцца даследчыкі, якія займаюцца тым рэгіёнам. Але тут канферэнцыя вельмі вузкай спецыялізацыі і таму мы палічылі, што вельмі важна яе падтрымліваць.
У другі дзень Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі навукоўцы з Беларусі ды замежжа працуюць у тэматычных секцыях. Сёння таксама пройдзе дыскусія наконт геапалітычнага месца Беларусі ў свеце, удзел у якой прымуць палітолагі з Беларусі, Расіі ды Польшчы.
* * *
Прайшоў першы дзень працы Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Коўне. Удзельнікі і госці, якіх сабралася некалькі соцен, падчас тэматычных пасяджэнняў пачалі абмеркаванне самых розных праблем: ад геапалітычнага выбару Беларусі да пытанняў перакладу Бібліі. Вольга Архіпава з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прыехала на кангрэс, каб абмеркаваць тэму сучаснага беларускага авангарду:
– Таму што была тэма сучаснае беларускае мастацтва і мне стала цікава падняць тэму пра беларускі авангард. Можа, сапраўды, знойдуцца новыя ракурсы пры абмеркаванні гэтай тэмы сярод шырокага кола. Бо ты знаходзіш нейкую тэму, пачынаеш яе распрацоўваць, але вядома, што ў кожнага на гэтую тэму свой погляд. Гэта цікава, калі пачнуцца нейкія дапаўненні, а можа спрэчкі на гэты конт.
Сярод культурных тэмаў падчас Міжнароднага кангрэса даследчыкаў таксама шырока прадстаўлена тэма беларускай кінематаграфіі і беларускай літаратуры.
* * *
Праблемы этнічнасці ў сярэднявеччы, беларускага біблійнага перакладу або трасфармацыі эканомікі Беларусі – гэтыя ды іншыя пытанні гучаць у Коўне. Тут праходзіць другі Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які сабраў удзельнікаў і гасцей з розных краін свету, у тым ліку Вялікабрытаніі, Нямеччыны, ды нават Японіі.
Ядвіга Казлоўская-Дода з універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне, між іншым, даследуе тэму польскай пахавальнай абраднасці на Гродзеншчыне:
- Дасюль у асяродку палякаў вельмі кансерватыўна працягваюць спяваць пахавальныя песні, дасюль жывыя прамовы. І што характэрнае для ўсходняй традыцыі – галашэнне, чаго няма на тэрыторыі Польшчы, толькі на ўсходнім ускрайку краіны, а на Гродзеншчыне гэты пахавальны абрад палякаў спалучае рысы ўсходняй традыцыі і заходняй на прыкладзе прамоў і пахавальных песняў.
Ядвіга Казлоўская-Дода падчас экспедыцыі пераважна даследавала наваколле Доцішак, якое, паводле даследчыцы, заселена нашчадкамі як былых сялян, так і былой акалічнай шляхты.
Міжнародны кангрэс дасследчыкаў Беларусі праходзіць на працягу трох дзён у Коўне, стварае дыскусійныя пляцоўкі і дазваляе шырокі абмен думкамі і меркаваннямі.
* * *
Пасол Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус вітаў удзельнікаў Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які на працягу трох дзён праходзіць у Коўне. Ён выказаў упэўненасць у поспеху гэтага мерапрыемства і прыгадаў супольную спадчыну беларускага і літоўскага народаў. Сярод удзельнікаў кангрэсу – прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і нават Японіі. Як кажа беларускі палітолаг Валеры Карбалевіч, для любога даследчыка ўдзел у такім мерапрыемстве вельмі важны:
– Сапраўды, любы даследчык павінен час ад часу камунікаваць з іншымі даследчыкамі і для даследчыка гэта вельмі важна, таму што калі чалавек пагружаны ў сваё уласнае даследаванне і дрэнна ведае, што кажуць другія – гэта дрэнна. Тым больш, што тут даследчыкі не толькі з Беларусі, але і з замежжа. Такі шырокі міжнародны кантэкст дапамагае паглядзець на беларускую сітуацыю, на свае ўласныя даследаванні трошкі больш шырока і таму гэта заўсёды карысна.
У Коўне даследчыкі Беларусі дыскутуюць на розныя тэмы, кожны мае магчымасць на працягу 15 хвілін выступіць з кароткім дакладам па тэме сваго даследавання, а таксама адказаць на пытанні прысутных. Пасля агульнага пленарнага пасяджэнне, распачынаецца праца па тэматычных секцыях.
* * *
Удзел беларусаў у барацьбе за незалежнасць Літвы падчас вайны з бальшавікамі – такую тэму даследуе доктар гуманітарных навук Аўшра Юрэвічутэ з Вайсковага Музея Вітаўта Вялікага. Праца ў літоўскіх архівах дала магчымасць адкрыць многія прозвішчы беларусаў, а таксама іх далейшыя лёсы. Як кажа даследчыца, падчас Міжнароднага кангрэсу, які зараз праходзіць у Коўне, яна хоча падзяліцца вынікамі сваёй працы і спадзяецца на зацікаўленасць гэтай тэмай у самой Беларусі:
– Я падумала, што можа быць цікава будзе беларусам не толькі з Польшчы, але і з Беларусі і іншых краін даведацца пра тых людзей, сваіх продкаў, якія ваявалі за іншую краіну, якія адважна і годна выканалі свой абавязак. Можа у беларускіх архівах ёсць таксама нешта падобнае, не ведаю ці магчыма гэта паглядзець. Спадзяюся ім будзе цікава даведацца пра гэта.
Па словах літоўскай даследчыцы, у музеі Вітаўта Вялікага захоўваецца крыпта з парэшткамі людзей, загінулых у першай палове ХХ стагоддзя ў барацьбе за незалежнасць Літвы. На сцяне залатымі літарамі выбітыя прозвішчы загінулых, сярод іх ёсць таксама прозвішчы дзевяці беларусаў.
* * *
Больш за 400 удзельнікаў і гасцей з розных краін свету сабраліся ў Коўне на Міжнародным канрэсе даследчыкаў Беларусі. Цяпер праходзіць першае супольнае пленарнае паседжанне кангрэсу, а ў другой палове дня ўдзельнікі пачнуць працу па тэматычных секцыях.
«Наша супольная спадчына Вялікае княства Літоўскае і суседства натуральным чынам выклікае цікавасць аднаго для другога і для Літвы важна, што такі кангрэс праходзіць у нас,» – зазначыў нашаму радыё амбасадар Літвы ў Мінску Лінас Лінкявічус.
– Большыя павінны быць кантакты, не толькі ў кантэксце навукоўцаў, але і культуры, бізнесу, моладзевых організацый. Тое што 300 удзельнікаў прыехала з Беларусі ў Літву, я ўжо ў гэтым бачу нейкае дасягненне, у тым што яны ўбачаць, што будуць мець зносіны. Мы не толькі сярод навукоўцаў, але і ўвогуле павінны шукаць як мага больш кантактаў.
* * *
Кангрэс праходзіць ужо другі год запар і сёлета выклікаў значна большую зацікаўленасць з боку ўдзельнікаў – адзначае старшыня арганізацыйнага камітэта Андрэй Казакевіч:
- Першы кангрэс быў зарыентаваны хутчэй на сацыяльныя дысцыпліны, працавала ўсяго восем секцый. Зараз мы маем значна больш шырокі спектр дысцыплін, ад гуманістыкі, літаратуразнаўства, даследвання Бібліі, да беларускай палітыкі і грамадства. Гэтым разам ужо дваццаць секцый, гэта рост ужо больш чым у два разы. Акрамя таго, калі ў мінулым годзе тэматыку структуры збольшага вызначаў аргкамітэт, то ў гэтым годзе мы ўвялі падачу заявак на арганізацыю панэляў. Кожная панэль - гэта фактычна пэўная супольнасць даследчыкаў.
Кангрэс аб'яднаў даследчыкаў Беларусі з розных краін, але гэта не толькі беларусы па нацыянальнасці, ёсць шмат палякаў, літоўцаў і прадстаўнікоў іншых нацый, якія ў сваіх дасследаваннях звярнуліся да беларускай тэматыкі. Абсяг тэм таксама надзвычай шырокі – ад палітычных пераўтварэнняў у Беларусі, беларуска-расійкіх стасункаў да сучаснага стану кінематаграфіі і беларускай літаратуры.
* * *
Дваццаць тэматычных дыскусіяў, чатырыста навукоўцаў з Еўропы ды свету - Коўна прымае другі міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.
Ідэя правядзення кангрэсу-пляцоўкі, дзе навукоўцы з Беларусі ды замежжа могуць абмяняцца досведам навуковай працы, апраўдвае сябе, - кажа адзін з арганізатараў сацыёлаг з Інстытута палітычных даследванняў у Вільні Аляксей Ластоўскі, што пацвярджае вялікая зацікаўленасць да ўдзелу ў сустрэчы сёлета:
- Было шмат заявак і ад супольнасці арганізацыяў розных тэматычных секцый, а таксама індывідуальных заявак. У гэтым годзе нам ужо даводзілася праводзіць нейкую селекцыю, адбор заявак, якія адпавядаюць нейкім крытэрыям. Бачна, што кангрэс запатрабаваны, мы спадзяемся, што ён будзе мець свой эфект у беларускім навуковым і экспертным асяроддзі на пашырэнне камунікацыі і паглыбленне ведаў пра Беларусь.
Кангрэс даследчыкаў Беларусі цягам трох дзён будзе праходзіць у літоўскім горадзе Коўна. Сярод арганізатараў каля дзясятка грамадскіх ды навуковых установаў з Беларусі, Літвы ды Польшчы.
Яна Запольская, Зміцер Косцін, Радыё Рацыя