|
|
Паэт Алесь Аркуш прэзентаваў першую кнігу прозы - раман “Палімпсэст”. Гэта аўтабіяграфічны твор, у якім аўтар аднаўляе часы сваёй маладосці і станаўлення, як літаратара, паэта. На прэзентацыі кнігі ў сталічнай галереі “Ў” сабраліся сябры і калегі Алеся Аркуша - паэт Славамір Адамовіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратуразнаўца прафесар Пятро Васючэнка ды іншыя. Калегі і сябры Алеся Аркуша адзначаюць выключную шчырасць і адкрытасць рамана.
Кажа пісьменнік Уладзімір Арлоў:
- Алесь Аркуш напісаў кнігу, якая ўзнаўляе фрагменты таго жыцця, у якім мы ягоныя аднагодкі ці крыху маладзейшыя, старэйшыя за аўтара, сталелі, усведамлялі сябе беларусамі. Кніжка вельмі асацыятыўная, яна выклікае безліч успамінаў. Герой гэтай кніжкі аднойчы запісвае ў сваім дзённіку: “Калі б не Pink floyd можна было б звар’яцець”.
Раман Алеся Аркуша “Палімпсэст” запачаткуе новую серыю “Бібліятэка Таварыства Вольных Літаратараў”, заснаваную выдавецтвам “Галіяфы”.
Вольга Чарных, Радыё Рацыя, Мінск.
Цалкам матэрыял з прэзентацыі ў далучаным гукавым файле.
* * *
Першы вялікі празаічны твор Алеся Аркуша “Палімпсэст” адначасова запачаткуе новую серыю “Бібліятэка Таварыства Вольных Літаратараў”, заснаваную выдавецтвам “Галіяфы”. Прэзентацыя рамана, якая запланавана сёння ў сталічнай галерэі “Ў”, пакладзе пачатак святкаванню 20-годдзя Таварыства Вольных Літаратараў, якое прыпадае на наступны год. Кажа Алесь Аркуш:
– Да гэтай падзеі мы заснавалі кніжную серыю, якая называецца “Бібліятэка Таварыства Вольных Літаратараў”. Яна заснаваная выдавецтвам «Галіяфы». Гэтая кніга з’яўляецца першай у гэтай серыі. 1 кастрычніка адбудзецца яе прэзентацыя ў галерэі «Ў». Практычна гэтым мерапрыемствам і пачнецца святкаванне 20-годдзя Таварыства Вольных Літаратараў. Бо наступная кніжка будзе Ігара Сідарука і ўжо тады будзе прэзентацыя цалкам серыі і спадзяюся, што яшчэ штосьці выдадзім да 8 траўня, да дня заснавання ТВЛ, тады будзе таксама вялікая юбілейная імпрэза.
Прэзентацыя кнігі Алеся Аркуша “Палімпсэст” распачнецца а 19-й гадзіне ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” у Мінску.
Яна Запольская, Радыё Рацыя