|
|
Прэзентацыя кнігі "Забыты вернісаж. Творчасць мастакоў Гарадзеншчыны 1860-1930 гг." Наталлі Маліноўскай-Франке прайшла ў гродзенскай галерэі “Крыга”. Аўтарка кнігі, якая зараз жыве ў Нямеччыне, у працы паказвае лёсы і здабыткі творцаў, якія паходзілі з Гродзеншчыны.
Без іх адметнага мастацтва, на думку Наталлі Маліноўскай-Франке, не магчыма зрабіць цэласнае ўяўленне пра мастацтва Гродзеншчыны і Беларусі ў цэлым.
- Кніга была створана на падставе майго дысертацыйнага даследвання. Дысертацыя застанецца толькі ў сценах Акадэміі. Мне вельмі было шкада той шматгадовай працы ў архівах, бібліятэках, у маіх экспедыцыйных паездках. Мне вельмі хацелася падзяліцца гэтым – што ў нас на Гродзеншчыне ёсць багатая спадчына, працавалі такія таленавітыя мастакі, часткова гэта вядомыя імёны.
Гэта першае грунтоўнае даследванне фенамена гродзенскага мастацтва, развіцця жывапісу рэгіёна, у аснову якога пакладзеныя архіўныя матэрыялы Польшчы, Літвы, Нямеччыны. У кнізе гучаць імёны Казімера Стаброўскага, Фэрдынанда Рушчыца, Казімера Альхімовіча, Лідаміра Сьляндзінскага, Станіслава Жукоўскага ды шмат каго яшчэ. Кніга мае 190 старонак, выйшла ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”.
Якуб Сушчынскі, Радыё Рацыя. Фота аўтара.