|
|
У бібліятэчным філіяле ў мікрараёне Маладзёжны ў Лідзе адкрыецца мемарыяльны куток Ларысы Геніюш. У спецыяльна адведзеным месцы сярод сабранага матэрыяла аб беларускай пісьменніцы будзе ўсталяваны яе гіпсавы бюст, у свой час прывезены з Мінска. Як зазначыў ініцыятар ушанавання памяці пісьменніцы Станіслаў Суднік, на адну памятную мясціну ў літаратурнай Лідчыне стане больш:
- У любым выпадку вучні школы ў мікрараёне Маладзёжны часта праводзяць такія бібліятэчныя ўрокі, таму змогуць прыйсці і настаўнікі змогуць ім расказаць пра Ларысу Геніюш. На сцяне вісіць банер з яе вершам “Родная мова”. Магчыма, падзея і не такая ўжо значная, але для літаратурнага жыцця Лідчыны станоўчая.
У мерапрыемстве плануе прыняць удзел Міхась Скобла - асноўны даследчык творчасці Ларысы Геніюш. Суправаджацца імпрэза будзе песнямі на вершы пісьменніцы ў выкананні праваслаўнага царкоўнага хору. Пачатак у чацвер у 15 гадзін 30 хвілін.
Андрэй Панямонаў, Радыё Рацыя