|
|
Пятнаццаты юбілейны конкурс “Дэбют” абвесціў тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва” і Беларускі саюз у Польшчы. Да 25 лістапада прымаюцца працы літаратурных пачаткоўцаў ад наймалодшых да найстарэйшых у форме прозы і паэзіі. За гэтыя 15 гадоў конкурс даказаў сваю неабходнасць, як зазначае старшыня Беларускага саюза ў Польшчы ды галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа.
- Тое, што людзі пішуць, і гэта людзі маладыя, дарослыя, якія не з’яўляюцца сябрамі літаратурных аб’яднанняў, пачуццё беларускага слова ў яго літаратурным або дыялектным варыянце – менавіта на такое слова ёсць запатрабаванне.
Удзел у конкурсе могуць прыняць грамадзяне Польшчы ад пачатковай школы да пенсіянераў. Конкурсныя працы будзе разглядаць і ацэньваць журы ў складзе беларускай паэткі з Беласточчыны Надзеі Артымовіч, паэта Ежы Плютовіча ды літаратуразнаўцы з Гродна Яна Траццяка. Вынікі конкурсу будуць абвешчаны ў снежні.
Цалкам гукавы матэрыял змешчаны ў далучаным файле.
Зміцер Косцін, Радыё Рацыя.