|
|
Гродзенскі музей Максіма Багдановіча стаў пераможцам транспамежнага праекта “Віртуальнае мінулае, будучыня музеяў”. Рэалізацыя праекта, які каштуе 90 тысяч еўра, пачынаецца з канца года. У рамках гэтага праекта музей будзе адрамантаваны, кажа дырэктарка музея Святлана Рапецкая.
– Мы атрымаем рамонт памяшканняў Гродзеншчыны літаратурнай, у нас у музеі ёсць такі аддзел. Хто не ведае, запрашаю. Акрамя таго набыццё мультымедыйнай тэхнікі, акустычнай сістэмы і ноўтбукаў для працы музея. У гэтым праекце самае важнае – гэта віртуальны праграмны прадукт, які будзе складзены непасрэдна для музеяў трох краін.
Сумесны праект закранае Музеі культуры Латгаліі ў Рэжыцы (Латвія), Кіданяйскі краязнаўчы музей (Літва) і Музей Максіма Багдановіча (Гродна, Беларусь). Цяпер УЖРЭП Ленінскага раёна праводзіць планавы рамонт страхі будынка, дзе апрача дома-музея Максіма Багдановіча пражывае некалькі сямей. Цяпер ідзе праца гарвыканкама над тым, як высяліць жыхароў некалькіх кватэраў, што месцяцца разам з музеем Багдановіча.
Якуб Сушчынскі, Радыё Рацыя, Гродна.