|
|
Падручнік па вывучэнні беларускай дыялекталогіі рыхтуюць навукоўцы з Польшчы. Аўтарамі выдання на польскай мове з’яўляюцца прафесар кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская і доктар інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Міраслаў Янковяк.
Гэта доўгачаканы падручнік, бо навукоўцы і студэнты, якія сутыкаліся з гаворкамі беларускай мовы вымушаныя былі карыстацца працамі Яўхіма Карскага стогадовай даўніны, - кажа Міраслаў Янковяк:
- Была такая ідэя, сабраць усе новыя рэчы, усе навінкі, усе змены, якія адбываюцца ў беларускіх гаворках, беларускіх дыялектах, каб паказаць польскім лінгвістам, што адбываецца цяпер. Мы з Нінай Баршчэўскай падалі праект у Нацыянальны цэнтр навукі, ён працягваецца тры гады. Кніга будзе на польскай мове, лінгвісты, славісты будуць мець магчымасць карыстацца добрым матэрыялам, бо ўсё будзе сабрана ў адным месцы.
Як адзначыў суаўтар падручніка доктар Міраслаў Янковяк, у сваёй працы яны спрабавалі пазбегнуць палітызаванасці і тэма табу у беларускай дыялекталогіі. Таму вялікі раздзел будзе прысвечаны стану беларускіх гаворак па-за межамі Беларусі. На Падляшшы, Віленшчыне, у Латгаліі, на Смаленшчыне, Браншчыне і Чарнігаўшчыне. Чакаецца, што падручнік па дыялекталогіі выйдзе з друку ў палове лістапада.
Зміцер Косцін, Радыё Рацыя