Беларускі круглы стол

Беларусы, як кожны нармальны народ, хочуць жыць пры дэмакратыі.


Пасьлявыбарчы круглы стол, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі, адбыўся ў Варшаве. Прысутныя на ім польскія й беларускія палітыкі ды экспэрты разважалі пра выбары ў Беларусі, палітычных вязьняў, магчымасьці Эўрапейскага Зьвязу нешта зьмяніць у краіне.

Запрошаныя госьці нават не ўзяліся абмяркоўваць вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія завершыліся ўчора ў Беларусі. Палітычныя ўцекачы зь Беларусі, сваякі палітычных вязьняў сканцэнтравалі сваю ўвагу на сытуацыі палітзьняволеных, якія падвяргаюцца катаваньням у турмах. Некаторыя казалі таксама пра беларускую апазыцыю, гучалі словы пра яе падзеленасьць. Лукашэнка вядзе тонкую гульню паміж Захадам і Расеяй, выкарыстоўвае ўсе нюансы, каб стварыць разнагалосьці, нельга пра гэта забываць і вініць адзін аднаго, – адзначыў дэпутат Эўрапейскага Парлямэнту Марэк Мігальскі, арганізатар канфэрэнцыі.

М. Мігальскі: Няма сэнсу, каб мы ставілі адзін аднаму абвінавачваньні ў тым, што Лукашэнка застаецца пры ўладзе. Палякі не павінны казаць апазыцыі: выпрацуйце адну праграму, высуньце аднаго кандыдата, аб'яднайцеся. Гэта вельмі цяжка, вы ведаеце, як Лукашэнка клапоціцца аб тым, каб апазыцыя не аб'ядналася. Мы перажылі камуністычныя часы, і ведаем, якія магутныя мэханізмы знаходзяцца ў руках дыктатараў, каб падзяліць, пасварыць апазыцыю. З другога боку няма сэнсу, каб беларуская апазыцыя казала, што гэта наша віна – палякаў, Захаду. Праўда, дзеяньні польскіх установаў пасрэдна сталі прычынай таго, што Алесь Бяляцкі сядзіць у турме, але гэта не была віна дзяржавы. На ўсіх нас ёсьць крыху віны за актуальныя абставіны. І кожны павінен задаць сабе пытаньне, а што зрабіў я, якая была мая віна.

Марына Адамовіч, жонка кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, вось так адказала на пытаньне Марэка Мігальскага, наколькі высокая цяпер падтрымка Аляксандра Лукашэнкі з боку насельніцтва.

М. Адамовіч: НІСЭПІ надрукаваў вынікі сацыялягічных апытаньняў. Упершыню за 18 гадоў 46% беларусаў гатовыя да эміграцыі. Ці гэта можна сабе ўявіць? Гэта ўскосны адказ на вашае пытаньне. Падтрымка вагаецца: дабаўляюць пэнсій і зарплат – павышаецца, адымаюць – падае. На жаль, гэтая падтрымка ці непадтрымка мала зьвязаная зь дзейнасьцю дэмакратычных сілаў. Людзі пераважна кажуць: я думаю вось так, але большасьць яго падтрымліваюць. Я думаю, што свае 30% ён бы набраў.

У нядзелю адбыліся парлямэнцкія выбары ў Беларусі. Ні перад выбарамі, ні падчас галасаваньня ніхто не сумняваўся наконт іх рэзультатаў. Экспэрт па Беларусі з Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр адзначае, што выбары прайшлі так, як яна спадзявалася.

А. Дынэр: Не было сюрпрызаў, не было пратэстаў. Людзі запалоханы, стомлены тым, што адбываецца ў краіне. Ні адзін з бакоў, здаецца, ня быў зацікаўлены актыўнай выбарчай кампаніяй. Здавалася б, што цяпер трэба чакаць наступных выбараў – прэзыдэнцкіх, каб магло нешта зьмяніцца. Але нельга забываць, што часам не патрэбныя вялікія падзеі, каб пачаліся перамены. У Беларусі шмат залежыць ад эканомікі, ад таго, які будзе ўзровень жыцьця людзей, ці яны пераадолеюць страх і выйдуць на вуліцы пратэставаць.

Беларускі аналітык Валеры Грыцук, які быў сярод слухачоў канфэрэнцыі, згадаў, што беларускую апазыцыю часта вінавацяць у тым, што яна ня здольная аб'яднацца. Але гэта немагчыма па суб'ектыўных прычынах, паколькі частка апазыцыі фінансуецца з Масквы, - мяркуе Грыцук.

В. Грыцук: Камуністычная партыя «Справядлівы сьвет» цалкам падтрымліваецца Масквой. Яна ня можа быць аб'яднанай з апазыцыяй. Ёсьць і іншыя групоўкі, якія пайшлі да канца на выбары, што кіруюцца з Масквы. Яны ня могуць аб'яднацца.

Катажына Квяткоўска, экспэртка па Беларусі з польскай Фундацыі Пулаўскага, адзначыла, што палітычная сытуацыя ўсходняй суседкі Польшчы знаходзіцца ў поўным маразме. Яна прывяла выказваньні, якія паявіліся на Фэйсбуку пасьля выбараў – ніхто нават асабліва не абураўся на іх вынік, бо не было надзеі на нешта іншае.

К. Квяткоўска: Мы маглі б сабрацца ў гэтым жа складзе год таму, гаварыць пра тое ж. Сытуацыю ў Беларусі ўжо здаўна апісваюць пры дапамозе ўстойлівых словазлучэньняў: дыктатура, фальсыфікацыя выбараў, падзел апазыцыі, працоўныя кантракты, ад якіх залежаць супрацоўнікі, датэрміновыя выбары й г.д. Калі амаль два гады таму адбылася дэвальвацыя, людзі стаялі ў чэргах, здавалася, што эканамічная сытуацыя можа прымусіць іх на нейкі рашучы крок. Але нічога не зьмянілася. Гэта поўная стагнацыя.

Уладзімер Кобец, былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава, заўважыў, што калі пачынаецца гутарка пра эфэктыўнасьць санкцыяў супраць беларускага рэжыму, то зразумела, што гаворка ідзе пра сутыкненьне прынцыпаў і нафты.

У. Кобец: Калі людзі забываюць пра прынцыпы, пачынаецца эканамічны крызыс. Бессэнсоўна разважаць пра тое, у якім стане апазыцыя мела б больш шанцаў на перамогу. Пасьля развалу парлямэнтарызму ў 96' няма сэнсу ў палітычных партыях. Але памылка дэмакратычных краін у тым, што ўсе вырашылі, быццам бы пытаньне вырашана. Мы бачым на Ўсходзе рэстаўрацыю страшнай імпэрыі. Пытаньне вырашыцца тады, калі ў Гаазе пачне працаваць трыбунал над беларускім рэжымам і калі Эўропа зразумее, што нельга забываць пра прынцыпы.

У беларускага рэжыму вельмі прагматычны падыход да кантактаў як з Захадам, так і з Расеяй. Улады не бяруць пад увагу ніякіх дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасьцяў, іх цікавіць толькі гандаль і грошы, - мяркуе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Ліцвіна.

Ж. Ліцвіна: Дэмакратычныя эўрапейскія краіны зьяўляюцца спажыўцамі беларускіх нафтапрадуктаў. Беларускія ўлады хочуць гандляваць, браць крэдыты, найлепш, каб іх пазьней не аддаваць. Вось такі праматычны падыход і поўнае непрыйманьне ўсяго, што зьвязана з правамі чалавека.

Зьміцер Бандарэнка, лідар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», параўнаў сытуацыю ў Беларусі й Польшчы ў 80-ыя гады. На яго думку, беларускім змагарам за свабодную дзяржаву цяпер нават больш складана, чым было палякам або чэхам. Цяпер беларусы разьлічваюць толькі на асобных людзей, якія ім аказваюць падтрымку.

З. Бандарэнка: Мы былі доўгі час адны. Калі была ўжо дыктатура, лічылася, што гэта мы так ідзем да дэмакратыі. Мы робім, што можам. Спадзяемся не на ўрады, не на дзяржавы, а на людзей. На людзей у Польшчы, у Нямеччыне, у Штатах. І знаходзім людзей, якія нам дапамагаюць.

Зьміцер Бандарэнка заверыў, што беларусы, так, як кожны іншы народ, не жадаюць жыць пры дыктатуры. Яны хацелі б жыць у нармальнай дэмакратычнай дзяржаве. Толькі ня ведаюць, як гэта зрабіць. Іх спадзяваньне толькі на вонкавыя сілы – Расею й Захад.

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё