Надзея памірае апошняй

Надзея памірае апошняй


Н. Пінчук: Я пэсымістка, але надзея прабіваецца. Гутарка з жонкай Алеся Бяляцкага.

Сёньня палітыкі й грамадзкія актывісты дэмакратычных краінаў сьвету перадаюць прывітаньні і віншаваньні з нагоды 50-гадовага юбілею Алесю Бяляцкаму. Больш за год вядомы беларускі праваабаронца ўтрымліваецца пад вартай. Заснавальнік агранізацыі Вясна быў асуджаны на 4,5 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за тое, што быццам бы ўтойваў прыбытак у асабліва буйных памерах. Прычынай стала інфармацыя пра яго банкаўскія рахункі ў Польшчы ды Летуве. Улады гэтых краін папрасілі прабачэньня ў Бяляцкага і спынілі супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе. А сёньня госьць нашага эфіру – жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, якая адзначае, што яна пэсымістычна глядзіць на разьвіцьцё падзей, але надзея ўсё ж такі прабіваецца ў душы.

Н. Пінчук: Я не аптымістка, аптыміст Алесь. У нас у сям’і раскладка такога кшталту. Але міжнародная падтрымка дастаткова адчувальная, салідарнасьць краінаў Эўропы, якая прагучала адразу пасьля ўвязьненьня Алеся. А стасункі Эўразьвязу з Беларусьсю – гэта задача палітыкаў. Я проста назіраю за тым, што будзе адбывацца. Але надзея ўсё роўна прабіваецца, хацелася б, каб сытуацыя вырашылася, як з Алесем, так і іншымі палітвязьнямі. Гэта праблема многіх сем’яў, у якіх сядзяць мужы, дзеці.

Ці маглі б Вы расказаць, у некалькіх словах, як адбыўся арышт, хаця я разумею, што Вам цяжка вяртацца да тых падзей.

Н. Пінчук: Гэта вельмі цяжкія ўспаміны для мяне. Падымаюцца схаваныя эмоцыі. Мы ведалі, чакалі, што гэта адбудзецца. Адбылося, але лёгкасьці ўспрыняцьця, зразумела, не было. Цяжка бачыць, як твой муж знаходзіцца пад вартай, як тваю кватэру пераварочваюць чужыя людзі, цяжка глядзець, як твайму сыну прыставілі двух амапаўцаў за тое, што ён спрабаваў за мяне заступіцца падчас вобшуку. Прайшоў год, можа для кагосьці гэта незаўважны час, але для мяне ён быў дужа спрэсаваным. Ён быў багаты на падзеі, шмат што я мусіла вырашаць сама, вельмі насычаны пэрыяд.

А скажыце, што мы тут, у Польшчы, можам зрабіць для Алеся? Кажуць, што лісты не даходзяць у вязьніцу, але ці можна пісаць гэтыя лісты, каб яны дзесьці там, у адміністрацыі калёніі, захаваліся?

Н. Пінчук: Абавязкова. Трэба пісаць. Няхай лісты не даходзяць да вязьняў, але яны праходзяць праз нашу пошту, праз рукі адміністрацыі калёніі. Гэта паказчык для іх, што міжнародная супольнасьць падтрымлівае вязьняў у беларускіх турмах. А Польшча заўсёды праяўляла салідарнасьць з Алесем і іншымі палітвязьнямі.

Калі б нехта захацеў напісаць спадару Алесю Бяляцкаму ліст, то адрас наступны: 213 800 г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, ВК-2, атрад – 14, Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу. Мы ведаем, што Алесь не пачуе нашую перадачу, але ўсё ж такі хочацца пажадаць яму мужнасьці, сілы, веры і перш за ўсё здароўя, каб вытрымаць усе выпрабаваньні, якія выпалі на яго долю.

Слухайце таксама далучаны гукавы файл

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё