|
|
Для кожнага дыктатара заўсёды прыходзіць час, калі трэба думаць пра тое, каму й як перадаць сваю ўладу.
Як гэта адбываецца на постсавецкай прасторы?
Адным з самых распаўсюджаным спосабаў перадачы ўлады зьяўляецца пераход ад бацькі да сына. Такім чынам захоўваецца пераемнасць і стабільнасьць існуючага рэжыму. Больш падрабязна – палітоляг ды наш камэнтатар Павал Усаў.
Павал Усаў: Пакуль такі сцэнар перадачы ўлады дасягнуў посьпеху ў Азэрбайджане, з 2000 году тагачасны прэзыдэнт краіны Гейдар Аліеў пачаў прасоўваць па палітычнай лесьвіцы свайго сына Ільхама. У 2003 годзе ён стаў прэм’ер-міністрам і высунуў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта. Што цікава, то бацька таксама быў кандыдатам на пасаду прэзыдэнта, але зьняў сваю кандыдатуру на карысць сына незадоўга перад сьмерцю. За Ільхама Аліева прагаласавалі 79% выбаршчыкаў.
Уласную мадэль захаваньня ўлады ў руках кіруючай эліты выпрацавала Расея. Ключавымі акторамі ў гэтай гульні былі й застаюцца Дзьмітры Медведзеў і Ўладзімір Пуцін.
Павал Усаў: Пуцін атрымаў уладу ў выніку тэхнічнай перадачы яе прэзыдэнтам Ельцынам прэм’еру Пуціну ў 2000 годзе. Праз восем год у 2008 годзе, калі канстытуцыйны тэрмін Пуціна завершыўся, на ролю спадкаемца быў прызначаны Дзьмітрый Медведзяў, які выконваў функцыю першага віцэ-прэм’ера, а потым быў абраны кіраўніком краіны, як казалі, “грэў месца” Пуціну, які заняў пасаду прэм’ер-міністра. У 2012-ым годзе яго зноў абралі прэзыдэнтам Расеі й, калі нічога надзвычайнага ня здарыцца, ён будзе кіраваць краінай праз наступныя 12 год.
Іншая сытуацыя склалася ў Туркмэністане. Там перадачы ўлады не адбылося, хоць мясцовы прэзыдэнт меў найбольш неабмежаваную ўладу на поставецкай прасторы.
Павал Усаў: Сапармурат Ніязаў, нягледзячы на тое, што меў сына Мурада Ніязава, ня змог яго прымусіць стаць спадкаемцам. Сын яшчэ пры жыцьці бацькі зьехаў у Аўстрыю, таму ўладу ў Туркмэністане перахапілі людзі з атачэньня Ніязава. Месца прэзыдэнта заняў Гурбангулы Бердымухамедаў, міністар аховы здароўя. Паводле канстытуцыі выконваць абавязкі прэзыдэнта павінен быў кіраўнік парлямэнта Авезгельды Атаеў, але супраць яго было ўзбуджана крымінальная справа. У выніку кіраваць краінай пачаў Бердымухамедаў.
Перад праблемамі перадачы ўлады стаяць Казахстан, Узбэкістан і Таджыкістан. Тамтэйшым прэзыдэнтам далёка за 70 гадоў.
Павал Усаў: Нурсултан Назарбаеў пакуль ня можа акрэсьліць дакладна, хто будзе ягоным пераемнікам. Сярод верагодных кандыдатаў называюць Цімура Кулібаева, які зьяўляецца зяцем Назарбаева, мужам Дзінары, таксама зьяўляецца чальцом рады дэрыктараў “Газпрома”. Што тычыцца прэзыдэнта Узбэкістану Карымава, то з сакавіка 2012 году ўсё часьцей зьяўляецца інфармацыя пра тое, што дачка Карымава Гульнара будзе магчымай пераемніцай свайго бацькі.
Неўзабаве такі сцэнар можа стаць актуальным і ў Беларусі. У краіне вось ужо 18 год не зьмяняецца кіраўнік, у якога ёсьць ажно тры сыны.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч