Шчасьце за кратамі

Шчасьце за кратамі


Людміла Мірзаянава, маці былога палітвязьня Фёдара Мірзаянава, выдала кнігу “Шчасьце за кратамі”.

Людміла Мірзаянава, маці былога палітвязьня Фёдара Мірзаянава, выдала кнігу “Шчасьце за кратамі”. Кніга ўзьнікла на падставе ліставаньня зь беларускімі палітвязьнямі, якія дзяліліся сваімі роздумамі аб радасьці й шчасьці.

Патрэбу напісаць кнігу Людміла Мірзаянава адчула пасьля прысуду сыну. Праца над выданьнем была для яе своеасаблівай тэрапіяй, бо сэрцу маці цяжка было пераносіць зьняволеньне сына. І як кажа аўтарка, сьведчаньні некаторых палітвязьняў паказалі, што нават за кратамі можна быць шчасьлівым.

З Людмілай Мірзаянавай пра яе кнігу размаўляе АВ.

У якім моманце нарадзілася ідэя напісаць такую кнігу? Што Вас да гэтага падштурхнула?

Л. Мірзаянава: Ідэя й жаданьне напісаць зьявілася ў моманце прыгавору, калі я даведалася, што мой сын і іншыя хлопцы атрымалі вельмі доўгія тэрміны. У гэты момант я закрычала свайму сыну, бо мне не дазволілі быць побач зь ім, „Фёдар, ты будзеш шчасьлівы!” У гэты дзень я вырашыла распрацаваць анкету й выслаць яе палітвязьням. Было цяжка, бо прыходзілася нават 2-3 разы пісаць ім, каб атрымаць адказы на пытаньні аб шчасьці. Калі назьбіраўся матэрыял, то я выдала кнігу. Найперш, я хацела падтрымаць хлопцаў, я хацела, каб яны зразумелі, што быць шчасьлівым немагчыма без свабоды. Каб за кратамі яны задумаліся над сэнсам асабістага быцьця, бо ў многіх зь іх умовы ўтрыманьня былі жудасныя й не нагадвалі пра шчасьце. І шчыра скажу, што была яшчэ адна прычына, чаму я павінна была напісаць гэтую кнігу. Для мяне гэта быў псыхатэрапэўтычны занятак, бо мая рана не гаілася вельмі доўга. Час напісаньня кнігі быў часам акрыяньня. І па-трэцяе, я надрукавала гэтую кнігу ў Расеі, бо ў Беларусі гэта зрабіць было немагчыма. Кніга ёсьць ужо ў некаторых расейскіх бібліятэках. Я хацела, каб расейцы больш ведалі пра падзеі ў Беларусі, бо, на жаль, большасьць зь іх нічога ня ведае.

Сп. Людміла, якое пытаньне Вы задавалі палітвязьням?

Л. Мірзаянава: Я задавала некалькі пытаньняў. Па-першае, мяне цікавіла, як яны разумеюць шчасьце й радасьць. Ці аднолькавыя гэтыя паняцьці? Наступнае пытаньне - ці магчыма адчуваць шчасьце, будучы за кратамі? І апошняе пытаньне тычылася формулы шчасьця й многія палітвязьні яе апісалі. І ў кнізе формулы шчасьця нашых беларускіх палітвязьняў ёсьць.

Ці сярод асобаў, якія Вам адказалі, былі палітвязьні, якія адчувалі шчасьце, будучы зьняволенымі?

Л. Мірзаянава: Так. Напрыклад, пра гэтае шчасьце напісалі Уладзь Яроменак, Алесь Кіркевіч. Яны пісалі, што сапраўды ўмовы жахлівыя, цяжка, калі няма свабоды, але яны шчасьлівыя, бо ведаюць, чаму яны там знаходзяцца, што ў гэтым ёсьць вялікі сэнс, што яны зьяўляюцца часткаю сваёй краіны. Я многія ўрыўкі нават ведаю на памяць. Ігар Аліневіч пісаў – „Я шчасьлівы! Я ведаю, чаму я тут знаходжуся і ў гэтым ёсьць сэнс”.

А ці Вы знайшлі сваё шчасьце ў гэтай бядзе, якая сустрэла Вашага сына, Вашую сям’ю?

Л. Мірзаянава: Складанае пытаньне. Калі б я сказала сваім сяброўкам, што я шчасьлівая, то яны мяне б не зразумелі, бо як можа быць шчасьлівай маці, калі сын за кратамі? Ведаеце, я сумавала, перажывала, але адначасова я вельмі ганарылася маім сынам, іншымі хлопцамі, нашымі палітыкамі, і я была шчасьлівая. Я была шчасьлівая, бо была салідарнасьць, была нашая суполка, я пазнаёмілася зь іншымі маці палітвязьняў. Якія цудоўныя гэта людзі, якія цудоўныя нашы беларусы! У гэтым была вялікая радасьць. А што такое шчасьце? Яго формула – гэта радасьць, задавальненьне жыцьцём і душэўны пакой. Не было толькі душэўнага пакою, бо я кожную хвіліну думала пра сына.

Дзякую за размову.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё Фота: http://www.facebook.com/mirzayanova