|
|
Бардаўскія песні, заангажаваныя тэксты, але таксама сатырычны погляд на рэчаіснасць – усё гэта можна будзе пачуць падчас Фестывалю беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні "Бардаўская Восень 2012" (26-28 кастрычніка 2012 г.)
Сёлета фестываль будзе праходзіць у 19 раз. Без сумневу гэта найбольшы, не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце, фестываль, на якім выступаюць беларускія барды. Як штогод, сёлета выступяць зоркі беларускай сцэны, сярод іх Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і W-Z Orkiestra, Віктар Шалкевіч. На сцэне хопіць месца таксама і для выканаўцаў, якія дасягнулі сваіх поспехаў між іншымі таксама дзякуючы ўдзелу ў конкурснай частцы "Бардаўскай восені" - Bosae Sonca, ILO & Friends, Паліна Рэспубліка ды Алег Кабзар.
Не абыдзецца і без музычных прэм'ераў. Дастаткова ўспомніць першы ў Польшчы канцэрт гурту HandmadE.
Сёлетнюю "Бардаўскую восень" пачне конкурсная частка (26 кастрычніка). Гэты конкурс неаднойчы быў месцам дэбюту многіх цікавых беларускіх музыкаў, у тым ліку: Паліны Рэспублікі, Яўгена Барышнікава, Дарыі Кадамскай ды гуртоў Alta Mente, Re1ikt, Bosae Sonca.
Канцэрты у рамках Фестывалю "Бардаўская восень", апрача Бельскага дома культуры пройдуць у Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове, Гмінным цэнтры культуры ў Гарадку, Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы ды Дубічах Царкоўных.
У нядзелю (28 кастрычніка) запрашаем у новы будынак Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. На ўсе канцэрты ўваход бясплатны.
Падрабязную праграму "Бардаўскай восені" ды справаздачы з папярэдніх фестываляў можна глядзець на www.vosien.org.
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя