Беларускае Радыё Рацыя, Вацлаў Галімскі
6.12.2010
Кніга публіцыстыкі пад назвай "Надзённае" аўтарства вядомага беларускага мовазнаўцы, прафесара гродзенскага купалаўскага універсітэта Івана Лепешава выйшла ў прыватным гарадзенскім выдавецтве "Ламарк".
Кніга, па словах Івана Лепешава, аб’ядноўвае публіцыстычныя артыкулы, прысвечаныя розным аспектам беларускай гісторыі і культуры.
– Тут у мяне змешчаны такія, можна сказаць, вострыя матэрыялы, пра малавядомыя ці зусім невядомыя падзеі, звязаныя з жыццём і літаратурнай дзейнасцю Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага. Вялікі матэрыял таксама пад загалоўкам "Праўда аб Пушкіне", дзе я паказваю, што Пушкін быў не толькі геніяльны рускі паэт, але яшчэ і шавініст вышэйшай маркі.
Выданне мае стацца сапраўдным рарытэтам, бо выйшла накладам усяго ў 100 асобнікаў. Гэта ўжо 43 па ліку асобная кніга прафесара Івана Лепешава. І сам аўтар запэўнівае, што рыхтуе да друку новыя выданні.