|
|
18-24-га жніўня o Шчэціне адбыўся міжнародны тэатральны праект
“Шмат-шмат гадоў назад, а нехта з вас і ня так шмат, першы раз у сваім жыцьці пачуў цудоўныя аповеды пра дзіўны ды таямнічы сьвет, у якім жывуць нязвыклыя істоты, дабро змагаецца са злом, і амаль заўсёды перамагае. Імя гэтаму сьвету – КАЗКА.” Значэньне казак вельмі высокае, варта іх вынесьці на міжнародны ўзровень - палічылі арганізатары аднаго праекту, які нядаўна адбыўся ў Польшчы.
Напрыканцы мінулага месяца, а дакладней 18-24-га жніўня, у Шчэціне адбыўся міжнародны тэатральны праект. Група актораў-аматараў з Польшчы, Беларусі ды Нямеччыны сустрэлася ў Міжнародным цэнтры сустрэчаў ім. Дытрыха Банхофэра ды зладзіла шэраг імправізацый на тэму казак. Міжнародны характар праекту надалі ўдзельнікі: акторы-аматары зь Беларусі, Нямеччыны ды Польшчы. Шчэцін ды цэнтар імя Банхофэра - гэта вельмі сваеасаблівае й адпаведнае месца для такога праекта, кажа адна з удзельніц Агнешка.
Агнешка: Вельмі патрэбнае месца. Шчэцін – гэта горад, які знаходзіцца на мяжы Польшчы й Нямеччыны. Хаця, насамрэч, гэтай мяжы ўжо няма. Але гэты горад мае вельмі вялікі міжкультурны патэнцыял. Ён можа быць, і ёсьць, месцам сустрэч людзей з розных краінаў: Польшчы, Нямеччыны, Беларусі й ня толькі. Я лічу, што гэта важна для кожнага горада, а для Шчэціна асабліва.
Арганізатары праекту сыходзілі з таго, што казкі - не чужыя й дарослым. Для іх гэтае слова асацыюецца з чымсьці добрым і дарагім: родным голасам альбо пахам кніжак, дзіцячымі фантазіямі й новымі даляглядамі. Вось што распавёў пра гэты праект адзін з беларускіх удзельнікаў Зьміцер Чарткоў.
Зьміцер Чарткоў: Я па прафэсіі рэжысэр. Да ўдзелу ў праекце мяне запрасілі дзякуючы маім здольнасьцям працы ня толькі з людзьмі, але і ўдзелу ў сацыяльных тэатральных праектах. Я выконваю задачу рэжысэра-арганізатора, я працую з групай, якая складаецца з непрафэсійных актораў. Для іх тэатар – гэта гульня, гуляючы ў тэатар, яны спрабуюць знайсьці новыя далягляды.
У чым заключаецца гэты праект?
Зьміцер Чарткоў: Праект называецца “Казачны тэатар”. Што такое казка для кожнага? Нас цікавяць розныя аспэкты казачнага жыцьця, ня толькі ў розных разуменьнях гэтага слова. Гэта наша таямніца, запрашаем наведаць наша прадстаўленьне, каб яе адкрыць. Вы бачыце, што такое байка для нас.
Які будзе эфэкт вашай працы?
Зьміцер Чарткоў: Эфэктам будзе прадстаўленьне пэрфарматыўнага й лябараторнага характару з адкрытай формай, без заканчэньня. Гэта дае нам магчымасьць заўсёды нешта дапрацаваць. Эфэкт будзе тэатральнага, пэрфарматыўнага характару.
Можаце прыадкрыць таямніцу вашых плянаў?
Зьміцер Чарткоў: У цэнтры Шчэціна мы ўжо рабілі пэрформанс у рамках варштатаў вулічнага мастацтва. Цяпер жа мы працуем у будынку, у форме тэатральных эцюдаў, казак, якія ўдзельнікі разыгрываюць пры маёй дапамозе. Мы ладзім паказ імправізацыі на тэму: што такое казка, у форме тэатральнай п’есы.
Выступ адбыўся ў Міжнародным цэнтры сустрэчаў ім. Дытрыха Банхофэра. Як паведамілі арганізатары, паказ адбыўся ў цёплай атмасфэры ўтульнага й казачнага дому, каб аднавіць атмасфэру дзіцячых мараў, і кожны атрымаў магчымасьць стацца тым, кім заўсёды марыў быць.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч