|
|
Каля трох дзясяткаў людзей сабралася ў Зэльве, каб ушанаваць памяць выбітнай беларускай паэткі, грамадзянкі і патрыёткі Беларусі Ларысы Геніюш. Сярод удзельнікаў мерапрыемства – мастак Алесь Пушкін, слонімскі даследнік і публіцыст Сяргей Чыгрын, спявачка Таццяна Матафонава, грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў краіны. Распавядае адзін з удзельнікаў імпрэзы, гродзенскі актывіст і журналіст Уладзімір Хільмановіч:
– На пачатку адбылася памінальнае набажэнства, якое адслужыў мясцовы святар айцец Георгій, які ў канцы сказаў казанне па-беларуску. Цяпер адбываецца прэзентацыя ля помніка Ларысы Геніюш, які таксама ўсталяваны побач з мясцовай праваслаўнай царквой. Прэзентацыю вядзе Міхась Скобла, які расказвае пра тую кніжку, якая не так даўно выйшла, дзе змешчаны лісты Ларысы Геніюш. Ушанаванне адбываецца згодна з планам і скончыцца ўскладаннем кветак на могілкі. Традыцыйна, так як заўсёды, людзі прыходзяць на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў, каб пакланіцца ім і каб ушанаваць іхнюю памяць.
Уладзімір Хільмановіч распавёў, што за мерапрыемствам назіраюць міліцыянты, але пакуль ніякіх перашкодаў з іх боку не было. Ушаванне памяці Ларысы Геніюш у Зэльве праходзіць паводле падрыхтаванага плану.
* * *
Традыцыйна ў Зельве на Гродзеншчыне пад адкрытым небам ушаноўваюць памяць Ларысы Геніюш – сказаў у нашам эфіры даследнік яе творчасці Міхась Скобла. У праваслаўнай Свята-Троіцкай царкве ў Зэльве прайшло набажэнства ў памяць выбітнай беларускай паэткі і змагаркі. У праграме ўрачыстасцяў — прэзентацыя кнігі Ларысы Геніюш «Лісты з Зэльвы», выступы беларускіх бардаў і літаратараў каля помніка паэткі, які стаў сімвалам свабоды ў невялікім мястэчку Зельва. Кажа літаратар Міхась Скобла:
– Прэзентацыя, імпрэза і нашая сустрэча адбываецца пад адкрытым небам, каля помніка, каля зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы. Так ужо сталася, што гэтая зямля каля помніка – гэта зона свабоды ў Зэльве. Яна, на жаль, невялікая. Гэта ўжо сталася традыцыяй і мы ўжо не наракаем на тое, што не забяспечаныя умовы, памяшканне.
Апошні раз у зэльвенскім Доме культуры Ларысу Леніюш ушаноўвалі ў 2000 годзе, узгадвае Міхась Скобла. Ад таго часу ўрачыстасці сталі напаўафіцыйнымі. 9 жніўня споўнілася 102 гады з дня народзінаў беларускай паэткі.
Радыё Рацыя