Адаму Мальдзісу — 80 гадоў

Адаму Мальдзісу — 80 гадоў


Чатыры гадзіны працягвалася ўрачыстая імпрэза ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з нагоды дня народзінаў Адама Мальдзіса. Доктару філалогіі, прафесару, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, споўнілася 80 гадоў, павіншаваць яго сабраліся шматлікія сябры і калегі. Падчас размовы з журналістам агенцтва БелаПАН, юбіляр распавёў, што лічыць галоўнай праблемай беларускай культуры, а таксама галоўным вынікам свайго жыцця:

– Самым важным вынікам жыцця лічу шасцітомны бібліяграфічна-энцыклапедычны слоўнік "Беларускія пісьменнікі". Прысвяціў яму каля дваццаці гадоў жыцця, гэта вельмі важны для сённяшніх пакаленняў даведачны матэрыял. Самая вялікая праблема ў бюракратызацыі культуры, паступовай бюракратызацыі.

У бліжэйшых планах Адама Мальдзіса паехаць на родную Астравеччыну, як ён кажа, каб “адарвацца ад гэтага тлуму і дапісваць уласныя кніжкі”.

* * *

Адам Мальдзіс - доктар філалогіі, прафесар, стваральнік і шматгадовы дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Ён нарадзіўся на Астравеччыне. Даследуе гісторыю беларускай культуры 17-18 стагоддзяў, беларуска-польскія, беларуска-літоўскія і беларуска-расейскія літаратурныя ўзаемаўплывы, прысутнасць беларускай культуры ў свеце, праблемы беларускай дыяспары.

Радыё Рацыя далучаецца да віншаванняў і зычыць выбітнаму беларусу шмат гадоў творчага жыцця і здароўя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя