“Cпакушэнне Францыска Скарыны” ў Гомелі

“Cпакушэнне Францыска Скарыны” ў Гомелі


Кнігу пра Францыска Скарыну прэзентавалі ў Дзень беларускага кнігадруку. 495 год таму ў чэшскай Празе Францішак Скарына выдаў кнігу “Псалтыр”.

У Гомелі прайшла літаратурная імпрэза Івана Штэйнера - аўтара драмы “Мудрости зачало и конецъ, або спакушэнне Францыска Скарыны”. Аўтар прадставіў публіцы адноўленую версію драмы пра беларускага першадрукара. Паводле Івана Штэйнера, дата мерапрыемства невыпадкова супала з 495-годдзем выдання першай друкаванай беларускай кнігі ў Празе.

- Я адмыслова імкнуўся правесці прэзентацыю гэтай кнігі менавіта ў гэты дзень. Нават адпачынак кінуў і прыехаў. 6 жніўня – гэта сапраўднае свята для ўсіх беларусаў і ўсіх усходніх славянаў. Некалі Маісей даў запаветы ўсяму чалавецтву, так і тут Францыск Скарына даў запаветы беларусам, як варта жыць, каб застацца беларусамі, застацца людзьмі.

Пісьменнік Анатоль Бароўскі высока ацэньвае ўнёсак Івана Штэйнера ў даследаванні асобы Францішка Скарыны.

- Я ведаю Івана Штэйнера вельмі добра. Гэта выдатны даследчык, гэта гонар Беларусі. Ён, праўда, не належыць ні да левых, ні да правых літаратараў. Ён ідзе як навуковец, як доктар філалагічных навук.

Драма прафесара Івана Штэйнера “Мудрости зачало и конецъ” стала асновай для пастаноўкі спектакля “Спакушэнне Францыска Скарыны”, які дэманструецца ў абласным драматычным тэатры.

Мікола Бянько, Радыё Рацыя, Гомель

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя