|
|
У суботу ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка, прайшоў самы буйны беларускі фестываль “Сяброўская бяседа”. Перад публікай выступілі дваццаць два калектывы з Польшчы і Беларусі. Апрача фальклорных гуртоў, якія дзейнічаюць пры Гарадоцкім цэнтры культуры, на сцэне заспявалі таксама беларускія гурты з Гайнаўкі, Бельска Падляшскага, Нараўкі, Чыжоў і Беластока. Наведвальнікаў фестывалю чакаў таксама кірмаш народнага мастацтва і традыцыйны пачастунак. Кажа войт гміны Гарадок Веслаў Кулеша:
- Гэта імпрэза, на якую прыходзяць усе, хто любіць спевы, танцы, музыку, хто шануе традыцыі нашага рэгіёна, беларускую культуру. Гэта таксама імпрэза, якае надае моц калектывам, якія прыязджаюць з розных рэгіёнаў розных краін для правядзення такой сумеснай працы.
У час “Сяброўскай Бяседы” для гасцей зайграў вядомы польскі гурт “Czerwone Gitary”. Апрача таго прэзентаваліся калектывы з-за мяжы, між іншым хор крымскіх татараў і калектыў “MDZLEVARI” з Грузіі. На завяршэнне канцэрта выступіў гурт “Шкляры” з Бярозы.
Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя
Фота аўтара