|
|
XVII фестываль культур і народаў “З вясковага панадворка”
Чарговы раз Чаромха сабрала вясковых кухарак на конкурс, які праходзіць у межах фестывалю фольк-музыкі. Кожная гаспадыня прывезла тое, што ўмее рабіць найлепш. Па словах кухарак – на конкурс яны выстаўляюць не новамодныя стравы, а тое, што гатавалі ў іх сям’і спрадвеку:
- Гэтыя стравы прыгатаваныя паводле рэцэптаў нашых продкаў, якія паходзілі з гэтых мясцінаў, да прыкладу з Рога, Мядзвежак, а таксама з Чаромхі.
- Спрадвеку, я яшчэ маленькая была, мая маці варыла, а да яе бабуля, а цяпер я вару.
- Прабабкіны вясковыя пяльмені, грэчневая каша, цыбуля, што было, усё збіралі і апрацоўвалі.
- У мяне тут дражджовыя булкі, галушкі зробленыя паводле бабкіных рэцэптаў, а таксама настойкі.
Конкурсныя стравы ацэньвала міжнароднае журы. Як зазначае старшыня камісіі Яўген Меткевіч, часам нават вельмі простая страва нясе ў сабе шмат смакаў:
- Захапіла мяне куцця, каштую, чакаю першага эфекту, другога і трэцяга. Гэта такая страва, смак якой адкрываецца паступова. Гэта звычайны смак, але не такі “плоскі”, як аркуш паперы, а як цудоўны краявід, трохі горак, трохі возера, гэта ўсё я знаходжу ў гэтым блюдзе.
Кулінарны конкурс у Чаромсе – гэта ўжо традыцыя. Адбываецца ён падчас фестывалю многіх культур і народаў “З вясковага панадворка” і з’яўляецца яго неад’емнай часткай. Сам фестываль ад сённяшняга дня перайшоў у серыю майстар-класаў, падчас якіх можна будзе таксама пазнаць кулінарныя адметнасці рэгіёна.
Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя.
Фота аўтара.