|
|
У Беларусі ўпершыню выходзіць знакаміты раман Імрэ Кертэса «Страчаны лёс». З творам венгерскага Нобелеўскага лаўрэата пазнаёміць беларускіх аматараў літаратуры выдаветцва «Галіяфы». Дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў адзначыў, што ўпершыню яны выдаюць кнігу набеліста.
– Гэта можа быць у пэўнай ступені гонар нашага выдавецтва за ўсе гады ягонай працы. Гэта першы нобелеўскі лаўрэат, які выходзіць у нашым выдавецтве. Гэта раман венгерскага літаратара Імрэ Кертэса «Страчаны лёс». Дызайн кніжкі вельмі выдатны, яго зрабіў Сяргей Кандраценка.
Імрэ Кертэс быў вязнем Асвенціма і Бухенвальда і гэтыя трагічныя старонкі яго жыцця ляжаць у аснове ўсёй творчасці пісьменніка. Лаўрэатам Нобеля Кертэс стаў у 2002 годзе. У прадстаўленні Нобелеўскага камітэта адзначалася, што прэмія была дадзена за «апісанне крохкага вопыту барацьбы індывіда супраць варварскага дэспатызму гісторыі...” Сваёй творчасцю Кертэс папярэджвае, што любая нацыя, якая гвалтоўна навязвае іншым свае каштоўнасці і апраўдвае гэтым крывавыя расправы і фізічнае знішчэнне праціўнікаў, непазбежна рызыкуе апынуцца ў ролі карнікаў, падобных нацысцкім.
Фота en.wikipedia.org