|
|
76 гадоў з дня народзінаў адзначае беларускі пісьменнік, журналіст і дыпламат Генадзь Бураўкін. У нашым эфіры выбітны беларус распавёў пра тое, што яму прыгадваецца ў гэты дзень і пра што ён думае:
– Пра тое, што жыццё пражыта ўсё-такі не дарма і што Бог падарыў вялікае, вялікае табе шчасце сустрэць многіх выдатных людзей, і што ты тое-сёе паспеў зрабіць з таго на што цябе, як кажуць, Бог пусціў на зямлю і што ты лепш ці горш умеў рабіць.
РР: Вы жылі ў пераломны для Беларусі момант – атрымання незалежнасці. Як гэтыя падзеі праходзілі для вас?
– Сёння я магу сказаць абсалютна канкрэтна, што гэта быў для мяне перыяд эйфарыі. У гэты перыяд у мяне было такое адчуванне, што вось надыйшоў час, калі ўсё будзе ачышчана ад дрэннага, усё будзе нацыянальнае, такое беларускае, такое разумнае, такое прыгожае, а жыццё мяне, як кажуць, так пляснула па твары, што сёння крыўдна. І крыўдна не толькі за тое, што Беларусь у свеце не мае таго аўтарытэту, які хацелася б мець, а і за тое, што на нейкім этапе, відаць, і я, і многія іншыя не зрабілі таго, што маглі б, дзеля таго, каб такога не адбылося. Каб сапраўды мы ішлі светлым, прамяністым шляхам, шляхам, пра які пісаў Купала, шляхам, дзеля якога людзі і пакутвалі, і працавалі.
РР: Ці вы памятаеце той час, калі над Беларуссю ўзнёсся бел-чырвона-белы сцяг?
– Я ў гэты час быў у Нью-Ёрку, у ААН, дзе я працаваў прадстаўніком Беларусі. Я памятаю, калі мы даведаліся пра рашэнне Вярхоўнага Савета, пра зацверджанне новых сімвалаў, першае – мы сталі шукаць, як займець гэты бел-чырвона-белы сцяг. Гэта былі выходныя дні і мы не маглі знайсці майстэрняў, якія б нам пашылі яго. Нарэшце, знайшлі прыватную майстэрню, якая пашыла сцяг, нашыя жонкі яго прасавалі, каб ён адпаведна выглядаў і назаўтра раніцай мы спусцілі ранейшы дзяржаўны сцяг і ўзнялі бел-чырвона-белы. Тое, што гэта было прыгожа і непаўторна, я гэта абсалютна магу сцвярджаць. Мала того, што ён для мяне быў дарагі, то ён быў вельмі прыгожы сярод іншых сцягоў.
РР: Як мы можам застацца беларусамі?
– Мы застанемся беларусамі, калі станем беларусамі. Вось наша праблема – стаць беларусамі. Потым праблемы застацца беларусам не будзе, яна сама сабой адыдзе. Калі б дзяржава ў нас была разумная, яна б усё рабіла, каб мы сталі беларусамі, каб мы адчулі нацыянальную годнасць, каб мы адчулі, што мы ў свеце не горшыя, мы ў свеце годныя. Вось калі станем мы такімі, тады не будзе праблемы застацца ці не застацца беларусамі.
РР: Ці ўваходзіць у вашы планы напісанне кнігі ўспамінаў?
– Вы сыпеце мне соль на раны. Яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя Васіль Быкаў аднойчы мне сказаў: «Генадзь, ты абавязаны напісаць кнігу ўспамінаў. У цябе было такое жыццё, што ты многае бачыў, удзельнічаў у многіх сапраўды гістарычных падзеях, быў знаёмы, сустракаўся, сябраваў, працаваў разам з выдатнымі людзьмі і ты павінен пакінуць сведчанне гэтага». І я сапраўды адчуў і цяпер адчуваю такі абавязак. У мяне нейкі псіхалагічны бар'ер і гэты бар'ер такі невясёлы, бо атрымалася так, што з маіх сяброў Васіль Быкаў напісаў «Доўгую дарогу дадому» і неўзабаве памёр, а другі мой сябра Валянцін Болтач напісаў свае вельмі цікавыя, на мой погляд, успаміны і літаральна праз паўгода памёр. І ў мяне пасяліўся нейкі такі страх, што вось я напішу ўспаміны і трэба паміраць. У мяне ёсць і жаданне напісаць іх, і абавязак перад памяццю людзей, з якімі я быў, перад памяццю Васіля Быкава такую кнігу зрабіць. У мяне ўжо ёсць назва гэтай кнігі «Вузлы памяці», у мяне ёсць каркас, засталося сесці і гэты шкілет абкласці мясам. Я хачу паспець пры жыцці гэта зрабіць, але чамусьці ідзе гэта са скрыпам.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна на Віцебшчыне. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. У свой час быў галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, старшынёй Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН.
Ад 3 верасня ў эфіры нашага Беларускага Радыё Рацыя пачуем успаміны Генадзя Бураўкіна ў праекце “Перажытае, ненапісанае”.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.