|
|
“Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду” Сяргея Дубаўца
У мінскай кнігарні Логвінаў адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Дубаўца “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду”, выдадзеная ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”.
У ёй сабраныя ўспаміны стваральнікаў і ўдзельнікаў гэтага маладзёвага аб'яднання, якое дзейнічала з 1980 па 1984 год і ўжо тады, у вельмі неспрыяльных умовах, змагалася за беларускую мову, гісторыю і культуру Беларусі.
Па словах Сяргея Дубаўца, “Майстроўня” з'явілася таму, што ў беларускай нацыі і культуры было пакліканне, патрэба, каб моладзь падхапіла колішнія ідэалы, песні, абрады і несла іх далей. І гэта задача, па словах Сяргея Дубавўца, яго пакаленнем выканана на 100 працэнтаў:
- Калі ўлічыць, што “Майстроўцы” ўсе выхавалі дзяцей, перадалі ім сваю ідэалогію, а за дзецьмі ідуць унукі, гэта вельмі шмат беларускіх сем’яў. Я разумею, што сёння неспрыяльная сітуацыя, але мы ёсць, нас шмат і далей будзе ўсё толькі добрае.
Па словах Сяргея Дубаўца, калі 30 гадоў назад тых, хто размаўляў у Мінску па - беларуску было некалькі дзясяткаў чалавек, то зараз непараўнальна больш.
На імпрэзе Сяргей Дубавец атрымаў узнагароду “Гліняны Вялес” з рук стваральніка гэтай літаратурнай прэміі пісьменніка Алеся Аркуша.
Кнігу прадставілі стваральнкі “Майстроўні”, палітыкі, грамадскія дзеячы Вінцук Вячорка і Пятро Садоўскі, гісторык Сяргей Харэўскі, кампазітар і харэограф Ларыса Сімаковіч і іншыя.
Генадзь Барбарыч, Радыё Рацыя.