Унікальнасць “Басовішча” - на выставе ў Беластоку

Унікальнасць “Басовішча”


Феномен, якому хутка чвэрць стагоддзя - так многія акрэсліваюць фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Сёлетняя музычная імпрэза пройдзе 13-14 ліпеня ў традыцыйным месцы - ва ўрочышчы Барык каля Гарадка на Падляшшы. Аднак за тыдзень да пачатку самаго фестывалю, у беластоцкім цэнтры імя Лазара Заменгофа адкрылася выстава “Басовішча - каханне, тоеснасць, захапленне”. Як кажа шматгадовы ўдзельнік “Басовішча” Лукаш Сцепанюк, настаў час ствараць архіў фестывалю:

- Варта, каб нехта гэтым займаўся, каб ужо на будучыню былі нейкія справы, кшталту фота, значкоў, кашулек ці нават гэтых арыгінальных клішэ, якія былі выраблены для таго, каб сёння зрабіць яшчэ адну партыю кашулек або значкоў, гэта была б вельмі карысная рэч. Наколькі я ведаю, шмат такіх рэчаў недзе пагублялася, таму гэтая выстава вельмі вартасная, калі казаць пра гістарычны маштаб фэстывалю.

На выставе ў Беластоку прадстаўлены не толькі фотаздымкі з “Басовішча” , але і фестывальныя кашулькі з розных гадоў, значкі ды іншыя гаджэты, а таксама архіўныя відэа-запісы. Выстава працягнецца да 23 жніўня.

Яна Запольская, Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя