80 гадоў з дня нараджэньня У. Караткевіча

Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба
26.11.2010


У далучаным гукавым файле старэйшы навуковы супрацоўнік музэя імя У. Караткевіча ў Воршы Вольга Пашковіч расказвае, што прапануе наведальнікам музэй, чым ён цікавы й унікальны.

26 лістапада 1930 году ў Воршы нарадзіўся беларускі пісьменьнік, паэт, драматург, публіцыст Уладзімер Караткевіч. Сёньня мінае 80 гадоў з дня яго нараджэньня.

Раманы Караткевіча - „Каласы пад сярпом тваім”, „Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, „Чорны замак Альшанскі” ведаюць усе, а па іх пастаўленыя мастацкія фільмы. Творчасьць Караткевіча аднак зьяўляецца вельмі багатай і рознабаковай. Як вядома, акрамя раманаў ён пісаў аповесьці, казкі, вершы, нарысы, п’есы. Ён выступаў як публіцыст і крытык, меў асаблівую цягу да гістарычных тэмаў, займаўся перакладамі. Таксама яго творы перакладзеныя на розныя замежныя мовы.

У Воршы й Віцебску Ўладзімеру Караткевічу ўзьнесеныя помнікі. У родным горадзе імя пісьменьніка носіць адна са школаў, таксама там знаходзіцца музэй імя Ўладзімера Караткевіча.

У Воршы цягам бліжэйшых дзён адбываліся й працягваюць адбывацца шэраг розных мерапрыемстваў. Тыдзень ушанаваньня памяці Ўладзімера Караткевіча пачаўся 21 лістапада й завершыцца ў нядзелю.

Сьвяткаваньні пачаліся вечарынаю „Караткевіч у адной аршанскай сям’і”, зладжанай мясцовымі пісьменьнікамі, падчас якой адбылася прэзэнтацыя фільму „У. Караткевіч і Ворша”. 23 лістапада былі падведзены вынікі віктарын на тэму жыцьця й творчасьці пісьменьніка, конкурс на найлепшы дзіцячы малюнак. Адбыўся паказ фільму „Ад Воршы да Рагачова з У. Караткевічам”. Цягам гэтых дзён адбылася прэзэнтацыя збора казак „Лебядзіны скід”.

Асноўныя мерапрыемствы адбываюцца сёньня. Гэта паніхіда ў мясцовай царкве, літаратурныя чытаньні, ускладаньне кветак да помніка пісьменьніка. Упершыню адбылася цырымонія спэцгашэньня канвэрта з арыгінальнай маркай, якія выйшлі да 80-годзьдзя пісьменьніка. У мерапрыемствах прымалі ўдзел сваякі Караткевіча, знаёмыя й дасьледчыкі яго творчасьці.

У музэі адбываецца ІІІ міжнародная канфэрэнцыя „Уладзімер Караткевіч – глябальны погляд” з удзелам дасьледчыкаў зь Беларусі, Украіны, Польшчы, Швэцыі.

У дзіцячай бібліятэцы пройдзе прэзэнтацыя выданьня „Дзікае паляваньне караля Стаха” на 4 мовах. Завершыцца сёньняшні дзень канцэртам.

І гэта не канец сьвяточных мерапрыемстваў. Яны будуць працягвацца яшчэ ў суботу й нядзелю.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё