“Вялікае Княства Літоўскае” – новая кніга Арлова і Герасімовіча

Новая кніга Арлова і Герасімовіча


Выданнем унікальнай кнігі “Вялікае Княства Літоўскае” яе аўтары, пісьменнік Уладзімір Арлоў і гісторык Зміцер Герасімовіч, заснавалі кніжную серыю “Краіна Беларусь”. Уладзімір Арлоў паведаміў нашаму радыё, што першая кніжка з гэтай серыі, якая пабачыла свет амаль дзесяць гадоў таму і называлася “Краіна Беларусь”, выйшла другім выданнем і ў планах аўтараў выдаць трэці том гэтай серыі.

– Адначасова з кнігай пра Вялікае Княства перавыдадзена і «Краіна Беларусь». Там 8 тысячаў удакладненняў, дадаткоў. Можа быць яны не кідаюцца ў вочы, бо афармленне кнігі тое самае, але на маім працоўным асобніку, на кожнай старонцы, а іх 320, па 5, а часам па 10 нават паправак. Такім чынам мы цяпер маем сваеасаблівы двухтомнік. Можа быць у перспектыве з'явіцца і трэці том. Ну а чаму будзе прысвечаны трэці том – гэта пакуль што таямніца.

Абодва важкія, багата ілюстраваныя тамы выйшлі ў вядомым славацкім выдавецтве “Kalligram”. Выдатную паліграфію забяспечыла кнігам друкарня “Neografia”.

* * *

Пабачыла свет унікальная кніга па гісторыі Беларусі пісьменніка Уладзіміра Арлова і гісторыка Зміцера Герасімовіча. Кніга называецца “Вялікае Княства Літоўскае”, мае 400 старонак і блізу 2000 ілюстрацый. Яна з’яўялецца працягам кнігі “Краіна Беларусь” гэтых жа аўтараў. Кніга пачынаецца матэрыяламі аб суіснаванні балтаў і славянаў на беларускіх землях, а завяршаецца сённяшнім днём беларусаў у Літве, паведаміў нашаму радыё адзін з аўтараў кнігі Уладзімір Арлоў:

– «Вялікае Княства Літоўскае» – гэта сваеасаблівы працяг папулярнай кніжкі «Краіна Беларусь», якая выйшла амаль 10 гадоў таму і ўжо даўно стала бібліяграфічныя рарытэтам. Але у гэтай кнізе мы пайшлі не па шляху храналагічнага працягу. Гэта працяг, я б сказаў, хутчэй тэматычны. Мы абралі эпоху вельмі важную для нашай гісторыі – эпоху Вялікага Княства Літоўскага.

Арлоў і Герасімовіч абяцаюць, што кніга зможа зламаць пэўныя гістарычныя стэрэатыпы, а некаторыя звесткі стануць для чытачоў сапраўднай сенсацыяй.

Васіль Кроква, Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя