|
|
Штогод у Польшчу прыяжджае моладзь зь Беларусі ў рамках школьнага супрацоўніцтва, грамадзкіх ініцыятываў.
Учора да нас у рэдакцыю завітала група маладзёнаў зь Беларусі. Яны прыехалі ў Польшчу па запрашэньні Гданьскага фонду дабрачыннасьці.
Гэтая польская арганізацыя з 2000-га года займаецца арганізацыяй летнікаў для дзяцей зь Беларусі, з польскіх сем’яў Гарадзенскай ды Берастцейскай абласьцей. Візітоўкай гэтых летнікаў сталі лекцыі ды заняткі па псыхалёгіі, гісторыі ды тэатральнаму мастацтву для моладзі.
Арганізатары імкнуцца ўзбагаціць веды пра культуру, гісторыю Польшчы, дапамагчы лепш вывучыць польскую мову, кажа сакратар управы Гданьскага фонду дабрачыннасьці Эва Руднік.
Эва Руднік: Наш фонд вось ужо 12 гадоў супрацоўнічае з Саюзам палякаў Беларусі, у першую чаргу з аддзелам у Горадні. Увесь час мы запрашаем у наш цэнтар на Кашубы дзяцей і моладзь зь Беларусі. На час гэтых паездак мы арганізуе адпачынак ды заняткі для дзяцей. Напрыклад, мы знаёмім нашых гасьцей з польскай культурай ды мовай, гісторыяй. Напрыклад, мы ладзім экскурсіі ў вядомыя польскія гарады ды месцы памяці, штогод ладзіцца вандроўка ў Гданьск, зьдзяйсьняем паездкі ў Варшаву, Уроцлаў, Торунь.
Беларускі бок вельмі задаволены гэтым супрацоўніцтвам. Гаворыць Ірэна Бухатарэвіч, якая прыязджае ў Польшчу як апякун групы з самага пачатку супрацоўніцтва польскага фонду з польскімі арганізацыямі ў Беларусі.
Ірэна Бухатарэвіч: Мы вельмі ўдзячныя за такі прыём. Мы прыяжджаем штогод, наведваем шмат цікавых месцаў, маем магчымасьць падвучыць мову. Дзеці зь Беларусі маюць магчымасьць кантактавацца са сваімі польскімі аднагодкамі. У цэнтар прыяжджаюць розныя групы моладзі з Польшчы. Дзеці маюць пагчымасьць пазнаёміцца, павесяліцца, заняцца спортам, ладзяцца спаборніцтвы. Мы вельмі ўдзячныя, што нас запрашаюць.
З побыту ў Польшчы задаволеныя й самі беларускія ўдзельнікі. Ім падабаецца тое, што апроч адпачынку, ёсьць магчымасьць заняцца спортам ды навучыцца нечаму карыснаму. Гаворыць Вераніка з Горадні, якая ўжо трэці раз адпачывае ў летніку ў Ставісках у польскім рэгіёне Кашубы.
Вераніка: Нам там вельмі падабаецца. Намі зайаюцца вельмі файныя выхавацелькі, там вельмі прыгожая прырода. Ажно хочацца вяртацца сюды! У гэтым годзе нам арганізавалі заняткі па псыхалёгі ды журналістыцы. Гэта вельмі цікавы досьвед, ён спатрэбіцца ў жыцьці. Таксама нашая моладзь возьме ўдзел у канцэрце “Зоркі - дзецям”.
У гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі гасьцям зь Беларусі заняткі па журналістыцы. Сярод групы была й маладая журналіста Юля.
Юля: Вельмі добра, што ў нас ёсьць магчымасьць сюды прыяжджаць. Шмат хто з нас паходзіць з польскіх сем’яў. Для нас гэта магчымасьць пазнаёміцца з польскай культурай. Мы можам вучыць мову, знаёміцца з новымі людзьмі, браць удзел у лекцыях.
14-15-га ліпеня моладзь зь Беларусі возьме ўдзел у сьвяточным канцэрце “Зоркі - дзецям”. Відовішча адбудзецца ў Ставісках.
Падрыхтаваў Юры Ліхторовіч