Берасьцейскі тэатр у Варшаве

Берасьцейскі тэатр у Варшаве




У Варшаве праходзіць XX Міжнародны фэстываль вулічнага мастацтва. Гэта ўнікальная пленэрная імпрэза, накіраваная да шырокага кола гледачоў – як пастаянных аматараў тэатру, так і выпадковых мінакоў.

Спэктаклі, якія паказваюцца ў рамках мерапрыемства, можна паглядзець у найбольш прыгожых і папулярных месцах Варшавы, між іншым, на Рынку Старога гораду, Рынку Новага гораду, у Парку „Агрыколя”, на Замкавым пляцы і г.д.

Цягам некалькіх бліжэйшых дзён (7-15 ліпеня), дзякуючы Міжнароднаму фэстывалю мастацтва вуліцы, Варшава зноў стане месцам, дзе культурнае жыцьцё жыхароў засяроджваецца на выключную й дынамічную форму мастацтва – вулічны або, інакш, пленэрны спэктакль.

Першы раз фэстываль адбыўся ў 1993 годзе. Тады ў ім прымалі ўдзел толькі палякі.
Цягам часу мерапрыемства атрымала міжнародны характар, - кажа мастацкі дырэктар фэстывалю Дарыюш Ярасіньскі.

Дарыюш Ярасіньскі: Агулам прадстаўлена ўся Эўропа, пачынаючы ад краінаў, дзе пленэрны тэатр у выдатнай кандыцыі. Гэта Гішпанія, Францыя, Нямеччына й Італія. Згаданыя дзяржавы могуць пахваліцца багатай традыцыяй вулічных тэатраў. Мы запрашалі таксама тэатры са Швэцыі, Чэхіі, Славаччыны, Румыніі, Балгарыі… Можна сказаць, што на фэстывалі гасьцілі тэатральныя групы амаль з усіх краінаў. Апошнім часам сталі прыязджаць таксама тэатры з Усходняй Эўропы, напрыклад, з Украіны, Расеі. Сёлета мы будзем паказваць таксама пленэрны тэатр зь Беларусі.

Падчас сёлетняга Міжнароднага фэстывалю вулічнага мастацтва можна будзе пабачыць, між іншым, „Тэатр Восьмага Дня”( „Teatr Ósmego Dnia”), „Тэатр Гульні й Людзі” („Teatr Gry i Ludzie”), „Тэатр Aкт” („Teatr Akt”), „Тэатр Турагенцтва” („Teatr Biuro Podróży”) , „Тэатр Формы” („Teatr Formy”) ці „Тэатр Сноў” („Teatr Snów”).

У сваю чаргу замежжа прадстаўляюць: тэатр „Странствующие куклы Господина ПЭЖО” з Расеі й „Крылы Халопа” зь Беларусі.

Дарюш Ярасіньскі: Беларускі тэатр накіраваў да нас сваю прапанову, а мы вырашылі, што яна дастаткова цікавая. Апрача таго, варта прасоўваць тэатр зь дзяржавы, дзе свабода выказваньня й дэмакратыя маюць, скажам так, асаблівы характар. Для нас гэта таксама важна, каб паказаць, што ва ўмовах цэнзуры тэатр можа дзейнічаць і разьвівацца. Здаецца, што палякі ўжо крыху пра гэта забыліся.

- кажа мастацкі дырэктар фэстывалю Дарыюш Ярасіньскі.

Ён дадае, што цягам 20ці выпускаў у фэстывалі ўдзельнічала каля 2-2,5 тысячаў актораў, рэжысэраў, сцэнографаў і г.д. За гэты час мерапрыемства знайшло сваю верную публіку.

Берасьцейскі тэатр „Крылы Халопа”,гэта адзін зь нешматлікіх у Беларусі прадстаўнікоў альтэрнатыўных тэатраў. Як кажуць пра сябе чальцы тэатральнай групы, іхныя спэктаклі вылучаюцца пастаянным супрацівам у дачыненьні да кансэрватызму, неталерантнасьці, навязанай ідэалёгіі ды цэнзуры.

У Варшаве пакажуць спэктакль на аснове твораў Данілы Хармса - аднаго з найбольш выдатных прадстаўнікоў расейскага авангарду, - кажа заснавальніца тэатра Аксана Гайко.

Аксана Гайко: Мы пакажам спэктакль пад загалоўкам „Звонить-лететь” паводле твораў Данілы Хармса, у які мы ўключылі таксама беларускую рэчаіснасьць. Тое, што мы бачым на сёньняшні дзень. Гэта для нас актуальная тэма, паколькі там і турма, і ўлада, і КДБ. Спадзяюся, што спэктакль будзе зразумелым польскаму гледачу. Ён зроблены ў гэткай традыцыйнай вулічнай форме – мы ходзім на хадулях, ёсьць маскі, каляровае вулічнае адзеньне, выдатная музыка. Са спэктаклю вымалёўваецца гэтакі просты сюжэт: чалавек, які нікaму ня робіць нічога дрэннага; такі дзівак, можа троха дурнаваты, аказваецца ў турме… Такі Хармсаўскі абсурд… і беларускі абсурд таксама.

Тэатр „Крылы Халопа” быў заснаваны ў 2001 годзе. Першыя дзесяць гадоў ён існаваў пад назвай „Свабодны Тэатр”. Поўгоду таму гурт зьмяніў назву на „Крылы Халопа”. За 10 гадоў сваёй дзейнасьці ягоныя акторы стварылі 8 спэктаклаў, у тым ліку 4 вулічныя, - кажа Аксана Гайко.

Аксана Гайко: Мы робім спэктаклі, як на вуліцы, так у зале. Мы ад пачатку аматарская група. Мы вучыліся ў польскіх тэатрах. Мы незалежная, альтэрнатыўная група - адна зь нешматлікіх альтэрнатыўных тэатральных групаў у Беларусі.

Тэатр зь Берасьця ўдзельнічаў у шматлікіх тэатральных фэстывалях, на якіх неаднойчы атрымліваў узнагароды й адрозьненьні. Напрыклад, у 2008 годзе на Тэатральных сустрэчах у Лодзі „Крылы Халопа” атрымалі ўзнагроду журы, а ў 2010 годзе ў Львове на Міжнародным фэстывалі аматарскага тэатральнага мастацтва „Драбіна” - ўзнагароду за найлепшы спактакль. У гадох 2006-2008 берасьцейцкі тэатр разам з „Тэатрам Рэмус” удзельнічалі ў праекце па працы з моладзьдзю, якая мае выхаваўчыя праблемы, уцекачамі з Чачні й асобамі з цэнтраў рэабілітацыі. З 2011 году тэатр „Крылы Халопа” зьяўляецца арганізатарам Фэстывалю альтэрнатыўнай культуры „Культ А” ў Берасьці.

Аксана Гайко: Мы выступалі на вялікай колькасьці тэатральных фэстываляў у Польшчы. Можна сказаць, што праехалі амаль усю Польшчу. Ну а Варшаву неяк абмінулі. Але зараз выступім і ў Варшаве.

Аксана Гайко ня можа дачакацца выступу на фэстывалі ў Варшаве. Яна падкрэсьлівае, што вулічны спэктакль, гэта нешта зусім іншае, чым традыцыйны выступ у зале.

Аксана Гайко: Так, гэта іншы выступ. Вуліца, гэта вуліца. Тут ёсьць нечаканасьць. Тут уступаеш у непасрэдны кантакт з гледачамі. Таму гэта цікава. Гэта зусім іншая рэч, як у зале.

- кажа Аксана Гайко рэжысэрка й акторка тэатру „Крылы Халопа”.

Нагадваем, спэктакл берасьцейскага тэатру пад загалоўкам „Звонитьлететь” можна будзе паглядзець двойчы 13 і 14 ліпеня на Рынку Новага горада ў Варшаве.

Размаўляла Анна Задрожна

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё