Дэпартыцыйныя дакумэнты зь беларускіх архіваў

Дэпартыцыйныя дакумэнты зь беларускіх архіваў


Прайшло ўжо 20 год пасьля распаду Савецкага Саюза.

Аднак гісторыя тых часоў ўтрымлівае яшчэ шмат не адкрытых старонак.

Адна зь іх - савецкія рэпрэсіі супраць уласнага народу ды насельніцтва суседніх краінаў. Гэтая тэма шырока дасьледуецца ва ўсім сьвеце, але шмат яшчэ невядомага. У Інстытуце нацыянальнай памяці Польшчы ёсьць цікавы збор дакумэнтаў. Гэта копіі апэратыўных спраў, расстрэльных сьпісаў з архіву КДБ зь Менску, былыя партыйныя дакумэнты КПБ. Польскі бок - дасьледчыкі, працаўнікі архіваў, — зьбіраў гэтыя пасьведчаньні гісторыі, у першую чаргу доказы рэпрэсій у дачыненьне да польскага насельніцтва Заходняй Беларусі 1939-45 г.г., працуючы ў Беларусі да 2002-га году. Шмат якія з гэтых матэрыялаў па сёньняшні дзень неапрацаваныя.
Таму мы б хацелі распавесьці пра іх, можа нехта з дасьледчыкаў, у тым ліку й беларускіх, зацікавіцца гэтымі дакумэнтамі. Пра тое, што гэта за збор, якія матэрыялы тут знаходзяцца, распавядае супрацоўнік архіву ІНП Станіслаў Сокал.

Станіслаў Сокал: У Беларусі мы зьявіліся як дасьледчыкі гісторыі ў пошуках лёсу жаўнераў польскай арміі міжваеннага пэрыяду 1919-1939-ых гадоў. На сёньняшні дзень амаль ў 95% выпадкаў вядомы лёс шэраговых жаўнераў ды афіцэраў польскай арміі. Неадкрытым застаецца лёс яшчэ 5% жаўнераў. Мы не дайшлі да канца ў нашай дзейнасьці ды гістарычных пошуках. Дзе пахаваныя гэтыя жаўнеры ды афіцэры? Аднак пошукі не спыняюцца. Яны датычаць сумнавядомага сьпісу з 5-га сакавіка 1940-га году, рашэньня падпісанага Сталіным ды адрасаванага Бэрыі. З гэтага сьпісу няма дадзеных што да лёсу больш за 7000 чалавек.

Да гэтых пошукаў польскі бок падыйшоў вельмі сур'ёзна. У 1990-ыя гады ў Польшчы былі створаны дзьве дзяржаўныя камісіі, якія займаліся пошукам дакумэнтаў пра лёс ня толькі польскіх жаўнераў, але й таксама жыхароў Заходняй Беларусі ды Ўкраіны, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў.

Станіслаў Сокал: У 1992-м годзе была створана вайсковая архіўная камісія, мэтай якой былі пошукі лёсу польскіх ваеннапалонных на тэрыторыі Савецкага Саюза. Я меў гонар уваходзіць у склад камісіі. Мы працавалі да 1997-га года, калі міністэрства спыніла дзейнасьць камісіі. Мы ня скончылі нашых дасьледаваньняў. У 1993-м годзе мы прыбылі на тэрыторыю Беларусі. Нас прынялі сардэчна ў Беларусі, прадставілі дакумэнты. Наша праца вялася, быў атрыманы вельмі каштоўны матэрыял. Мы цікавіліся лёсам ваеннапалонных ды дэпартацыямі ў Сібір, якія датычылі палякаў, але й таксама беларусаў ды ўкраінцаў. З намі працавалі таксама працаўнікі цэнтральнага архіву МУС Польшчы. У 1996-м яны стварылі сваю архіўную камісію й працавалі ў тым ліку і ў Беларусі да 2002-га году. Іх праца была вельмі істотнай, бо яны атрымалі доступ да галоўнага апэратыўнага архіву Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі.

Якія матэрыялы там знаходзяцца?

Станіслаў Сокал: Тут у ІНП у асноўным знаходзяцца копіі дакумэнтаў, якія атрымала камісія МУС у Беларусі з архіву КДБ, Нацыянальнага архіву, у абласных архівах Беларусі. Гэта загады аб дэпартацыі, партыйныя дакумэнты, дакумэнты 2-аддзелу НКУС у Горадні, 3-га аддзелу НКУС у Менску, упраўленьня НКУС БССР 1939-1951 г.г., упраўленьня МГБ за 1941-ы год, ЦК партыі, гарадзкога камітэту КПБ у Беластоку 1940-га году, дакумэнты ваеннага трыбуналу спэцыяльнай вайсковай акругі ў Менску з 1941-га года, пракуратуры БССР у Менску й група канвойных войскаў — вельмі важныя для нас матэрыялы. 4-ы канвойны аддзел аховы НКУС БССР у Менску 1939-40, 15 брыгада войск канвойных НКУС 1939-40, 132-і самастойны батальён канвойных войск НКУС з 1940-га году, 236-ы полк канвойных войскаў НКУС з 1940-41... Яны займаліся ў тым ліку вывазкай польскіх паліцыянтаў ды іншых, расстраляных пазьней у Калініне. Такім чынам, гэтыя дакумэнты датычылі ў асноўным дэпартацыі польскіх грамадзян углыб тэрыторыі Савецкага Саюза.

Колькі гэтых матэрыялаў?

Станіслаў Сокал: Матэрыялаў у нас вельмі шмат. Я адзін зь нямногіх, хто перакладае гэтыя дакумэнты з расейскай, беларускай, украінскай. Працуючы тады мы ня мелі такой веды, напрыклад, пра Курапаты, як цяпер. Калі б мы больш ведалі тады, нашы пошукі ішлі б інакш. Мы мусілі казаць, што мы шукаем. Нам давалі інвэнтары, там не было ўсяго. Непасрэдныя дакумэнты пра расстрэлы палякаў ды катынскае злачынства, мы да іх доступу не атрымалі. Дакумэнты камісіі МУС у Інстытуце — гэта 11 мэтраў бягучых актаў. Гэта вельмі шмат.

Гэтыя дакумэнты даступныя для дасьледчыкаў у ІНП у Варшаве. Можна сказаць, яны чакаюць дэталёвага вывучэньня.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё