Новы альбомам Алеся Камоцкага

Новы альбомам Алеся Камоцкага


Беларускі паэт і музыка Алесь Камоцкі рыхтуе для сваіх прыхільнікаў новую плыту. Апошні альбом аўтарскіх песень на ўласныя вершы Алеся Камоцкага выйшаў у 2009-м годзе і меў назву “9”. Пазней публіцы быў прадстаўлены праект “Вяровіца Алеся Камоцкага”, які ўяўляў сабой перавыданне псалмоў на вершы Рыгора Барадуліна.

Цяпер аўтар-выканаўца засяродзіўся на працы над чарговай аўтарскай плытай. Адрозніваць новы альбом будзе тое, што запісваецца ён не звычайным студыйным спосабам, які дазволіць захаваць у песнях адбітак жывога канцэртнага выканання, зазначае Алесь Камоцкі.

- Канцэпцыя, калі падводзіць нейкую філасофію, то наўрад ці тут яе падвядзеш. Але нешта на ўзроўні нейкіх пачуццяў, то тут ёсць канцэпцыя. Тое, што і так было простым, спрасцілася яшчэ. Да гэтага дадаецца і тое, што непасрэдна запісваецца выкананне, а не збіраецца гэта з трэкаў.

Па словах спевака, казаць пра тэрміны выдання новай плыты пакуль рана. Ідэя ж чарговага альбому будзе будавацца вакол сіняга колеру, кажа Алесь Камоцкі. На плыце будуць змешчаныя каля 10 песень, выкананых спеваком у суправаджэнні гурта музыкаў.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.

Фота news.vitebsk.cc

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя www.news.vitebsk.cc