Свята лялек у Гродне

Беларускае Радыё Рацыя, Вацлаў Галімскі
27.11.2010


Тэатральныя дзеячы з Літвы, Польшчы і Расіі прымаюць удзел у святочных мерапрыемствах з нагоды 30-годдзя Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

У горадзе над Нёманам на Дзень нараджэння Тэатра зладжана шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў - выставы, канцэрты і спектаклі.

Дзень нараджэння гродзенскага тэатра лялек сабраў міжнародны тэатральны бамонд. Нават прыехала ўнучка сусветна вядомага лялечніка Сяргея Абразцова з Масквы. Несумненна, што гарадзенскі тэатр лялек карыстаецца поспехам на міжнародным узроўні, заўважае кіраўнік трупы беластоцкага тэатру лялек Малгажата Баер:

- Мае тэатр такі добры рэпертуар, для дзяцей і для дарослых. Калі прыязджаюць да нас, то бачу, як дзіцяткі цешуцца, як гэтыя казачкі іх забаўляюць. Жадаем тэатру ўсяго найлепшага, больш выездаў за мяжу, каб увесь свет бачыў прыгажосць.

Гэта свята непасрэднасці, калі робіш тое, што любіш, - гаворыць знакаміты актор і бард Віктар Шалкевіч:

- Калі ты любіш тэатр і працуеш там на паўстаўкі, цябе не датычыць размеркаванне прэміі, як шэсцьдзесят тысячаў падзяліць на пятнаццаць чалавек. Зарабляюцца грошы сябе, а прыходзіш дзеля прыемнасці.

У межах святкаванняў 27 лістапада а 14-й гадзіне ў гродзенскім тэатры лялек можна паглядзець прэм'ерны спектакль "Пікавая Дама" паводле легендарнай аповесці Аляксандра Пушкіна.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя