У Мінску вызначылі лепшыя літаратурныя пераклады

У Мінску вызначылі лепшыя літаратурныя пераклады


Абвяшчэнне і ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” за 2011 год прайшло ў кнігарні “логвінаЎ”.

У намінацыі “Проза” перамагла Алеся Башарымава за пераклад Тувэ Янсан “Капялюш чарадзея”, у намінацыі “Паэзія” - Марыя Мартысевіч за пераклады з кнігі “Амбасада” і “Нябожчыкі дамовіліся маўчаць” Веньяміна Блажэннага.

Пераможца намінацыі “ПрайдзіСвет” - Антон Францішак Брыль за пераклады паэзіі з польскай і лаціны.

Як заўважыў вядоўца імпрэзы, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, хутка ўжо можна будзе казаць пра з’яўленне ў Беларусі сваёй перакладчыцкай школы:

- Ужо некалькі пакаленняў напраўду ствараюць нейкае поле актыўнае, сітуацыю абмеркавання перакладаў, сумеснага рэдагавання. Уручэнне ўзнагародаў – нейкая зваротная сувязь. Гэта вельмі важна не толькі для аўтара бывае, але і для перакладчыка. Сёння робіцца ўсё, каб у Беларусі нарэшце паўстала школа, а можа нават некалькі канкуруючых між сабой перакладчыцкіх школаў.

Сёлета адборам і чытаннем найлепшых перакладных твораў займалася прафесійнае журы, у якое ўвайшлі: перакладчык і выкладчык Марына Казлоўская, перакладчык і сябра рады часопіса “ПрайдзіСвет” Кацярына Маціеўская, пісьменнік, рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, старшыня СБП Барыс Пятровіч і іншыя.

Рыгор Сапяжынскі, Радыё Рацыя, Мінск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя