|
|
Ці абароніць год Каліноўскага памяць пра героя?
А. Смалянчук: ідэолягі у школьных падручніках сталі паказваць Каліноўскага небясьпечным антыдзяржаўным тэрарыстам.
Рух “За Свабоду” ды грамадзкая кампанія “Гавары праўду” выступілі з ініцыятывай аб’явіць 2013 год годам Кастуся Каліноўскага. Яны плянуюць правесьці шэраг мерапрыемстваў па ўшанаваньні памяці паўстанца як у Беларусі, так і за мяжой.
Старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч і лідар грамадзкай кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімер Някляеў выступілі з сумеснай ініцыятывай адзначыць наступны год як Год Кастуся Каліноўскага. Грамадзкія дзеячы стварылі камітэт па ўшанаваньні 150-годзьдзя паўстаньня.
Кастусь Каліноўскі – гэта самы яскравы нацыянальны герой, які аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў, заявіў на прэс-канфэрэнцыі Ўладзімер Някляеў. Арганізаваць грамадзкае ўшанаваньне паўстаньня 1863 года неабходна таму, што ўлады намагаюцца паступова сьцерці імя Каліноўскага са школьных падручнікаў, тлумачыць намесьнік кіраўніка кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзьмітрыеў.
А. Дзьмітрыеў: Ідэя акцыі выйшла з размоваў паміж Аляксандрам Мілінкевічам і спадаром Някляевым. Каліноўскі – гэта тая постаць, якая яднае нас сёньня. Мэты. Якія абвясьцілі паўстанцы тады, актуальныя й сёньня. Акрамя таго, памяць пра паўстанца знаходзіцца пад пагрозай, бо ў новых падручніках і сёньняшняй дзяржаўнай ідэалёгіі месца для Каліноўскага няма.
Грамадзкія дзеячы й навукоўцы зьбіраюцца правесьці шэраг мерапрыемстваў па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году. Будзе зьняты дакумэнтальны фільм “Кастусь”, да ўладаў розных гарадоў зьвернуцца з прапановай назваць імем Каліноўскага вуліцы, будуць добраўпарадкаваныя могілкі паўстанцаў. Пра гэта распавядае намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
Ю. Губарэвіч: Гэта будуць перадусім грамадзкія мерапрыемствы – пленэры, выставы, ініцыятывы па ўшанаваньні прамяці пра паўстанцаў. Па ўсёй Беларусі будуць добраўпарадкаваныя могілкі паўстанцаў. Пройдзе шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на моладзь – дзеля пашырэньня ведаў пра Кастуся Каліноўскага й паўстаньне пад яго кіраўніцтвам.
Аляксандар Мілінкевіч, Ўладзімер Някляеў ды іншыя грамадзкія дзеячы вышлюць лісты да ўражаў і парлямэнтаў Беларусі, Летувы й Польшчы з заклікам адзначыць 150-годзьдзе паўстаньня Каліноўскага разам.
Ю. Губарэвіч: Мы зьвернемся да ўрадаў трох краінаў, каб на належным, міжнародным узроўні адзначыць гэтую дату, закласьці пляны па сьвяткаваньні паўстаньня 1863 году ў пляны на наступны год, правесьці мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню.
Паводле сацыялягічных апытаньняў, самі беларусы лічаць Кастуся Каліноўскага, разам з Францішкам Скарынам і Ефрасіньняй Полацкай, адным з самых яскравых нацыянальных герояў. Сваёй папулярнасьцю кіраўнік паўстаньня 1863 году на беларускіх землях абавязаны савецкім навукоўцам – тлумачыць гісторык Алесь Смалянчук. Яны стварылі рамантычны вобраз маладога паўстанца -“змагара супраць панскага прыгнёту ды царскага самаўладзьдзя”. Вобраз гэты быў ідэалізаваны, сканструяваны, зыходзячы з ідэалягічных патрэбаў савецкай дзяржавы.
Аднак цяперашнія беларускія ўлады змагаюцца з памяцьцю пра Каліноўскага таксама дзеля ўласных ідэалягічных мэтаў – кажа Алесь Смалянчук.
А. Смалянчук: У цяперашняй Беларусі імя Каліноўскага стала сымбалем барацьбы з існуючым рэжымам, сымбалем свабоды й дэмакратыі. Таму ідэолягі вырашылі з такім Каліноўскім расправіцца. “Крытычныя” заўвагі шэрагу магілёўскіх гісторыкаў – таго ж Трашчанка ці Гронскага, былі выкліканыя перадусім ідэалягічнымі прычынамі. У сучасных школьных падручніках постаць Каліноўскага перажывае значную трансфармацыю. Ён там ужо не выглядае нацыянальным героем. Хутчэй, ён паказаны як нейкі небясьпечны тэрарыст, вораг “адвечнага расейска-беларускага братэрства”, вораг праваслаўя.
Алесь Смалянчук спадзяецца, што круглыя сталы й дыскусіі гісторыкаў, якія будуць праводзіцца падчас сьвяткаваньня Году Каліноўскага, дапамогуць адрадзіць вобраз жывога, рэальнага маладога паўстанца й дазволяць лепш зразумець жыцьцё грамадзтва на беларускіх землях у складаным XIX стагодзьдзі.
Аляксандар Папко