|
|
Турызм сёньня - вельмі важная галіна сусьветнай эканомікі.
Абароты гэтага сэктару ацэньваюцца ў дзясяткі мілярдаў даляраў у год.
Адной з апошніх краінаў ва Ўсходняй Эўропе, якая ўсьвядоміла сабе гэты патэнцыял, была Беларусь. Аднак афіцыйны Менск ставіць на казіно, вялізарныя спорт-комплексы, забываючыся пра гістарычныя карані ды этнічныя рысы краіны. Зусім іншы погляд на турызм дэманструюць беларусы ў суседніх краінах.
Беларускія дзяржаўныя структуры здаўна спрабуюць рэклямаваць краіну за мяжой, паказваючы бізнэсовы ды турыстычны патэнцыял краіны. Аднак паводле беларускіх СМІ не заўсёды гэта добра выходзіць. Апошні прыклад -- ролік „Турыстычны патэнцыял Беларусі”, зьняты на замову Нацыянальнага агенцтва па турызму.
Партал naviny.by напісаў,што пасьля прагляду гэтага фільма ў замежнікаў складзецца памылковае ўражаньне пра краіну. Маўляў, у гэтай рэкляме прымітыўны вобраз Беларусі –дзяўчаты, зубры ды казіно.
Іншы турыстычны вобраз „беларускасьці” можна ўбачыць, напрыклад, у Польшчы на Падляшшы, дзе кампактна пражывае беларуская меншасьць.
Тут сіламі грамадзкіх арганізацый ды мясцовых актывістаў рэалізавана некалькі турыстычных праектаў, якія паказваюць культурную ды гістарычную адметнасьць рэгіёну, зьвязаную з беларускасьцю. Гэта шэраг культурных імпрэзаў ды турыстычных шляхоў. Распавядае мясцовы беларускі дзеяч Ігар Лукашук.
Ігар Лукашук: Першыя інцыятывы мелі месца ў 2002 годзе. У Ягуштове, у вёсцы каля Бельска Падляскага, паўстала такая адукацыйная сьцежка, прысьвечаная мясцовым беларускім мікратапонімам, а таксама гісторыі вёскі ды навакольным цэрквам, легендам ды людзям, якія ў гэтай вёсцы жывуць альбо жылі. Паралельна арганізаваўся шлях „Царскі гасьцінец” з Бельска-Падляскага ў Гайнаўку.
Гэта было зьвязанае зь легендай, што быў гасьцінец, які не ішоў па шашы, а побач празь вёскі. Па ім падарожнічалі князі, каралі ці цары. Гэта быў прэтэкст, каб стварыць шлях, які будзе паказваць нашую беларускую культуру, гісторыю, а таксама й мову. Гэта таксама быў прэтэкст, каб паставіць указальнікі на польскай і беларускай мовах тут, на Беласточчыне. Пры нагодзе гэтага шляху ўпершыню зьявіліся напісы нашых вёсак па-беларуску.
Дарэчы, вандруючы па адным са створаных тут шляхоў, які называецца „Дрэва й сакрум” (http://drzewoisacrum.eu)
зусім нечакана можна сустрэцца й з праявай сёньняшняй беларускай культуры. У вёсьцы Шчыты-Дзенцялова для дзяцей зь мясцовай школы сьпяваў па-беларуску Зьміцер Вайцюшкевіч, які завітаў туды па дарозе ў Швэцыю. У Беларусі гэты творца ў „чорным спісе” ўладаў, а ягоныя выступы лядзяцца падпольна.
Рэгіянальная адметнасьць – гэта адзін з апошніх трэндаў разьвіцьця турызму ў сьвеце. Напрыклад, гэта й прыцягвае людзей на Падляшша.
Плюсам ёсьць тое, што зьяўляецца адапведная інфраструктура ды цікавыя інцыятывы, якія папулярызуюць рэгіянальную адметнасьць. Напрыклад, Народны ўнівэрсытэт у Тэрэмісках. Дарэчы, 23-га чэрвеня ў Тэрэмісках адбылося тэатральнае прадстаўленьне па-беларуску.
Падляшша прыцягвае палякаў сваёй вельмі багатай культурнай ды турыстычнай прапановай. Ня трэба ехаць за мяжу, каб сустрэцца з зусім іншай культурай, ня польскай, чуць зусім іншую мову ды зазірнуць у царкву. Тут зьяўляюцца новыя інцыятывы, а ўлады іх падтрымліваюць.
Апроч таго людзі тут пачынаюць зьмяняць свой мэнталітэт ды разуменьне й ідуць у бок больш камэрцыйнага падыходу. Эфэкты відавочныя, хоць на гэтым рана спыняцца.
На Беласточчыне створаны тры турыстычныя шляхі, зьвязаныя зь гісторыяй ды культурай мясцовых беларусаў, якія тут жывуць. Апроч беларускай тэматыкі, ёсьць тут шляхі, зьвязаныя зь гісторыяй мясцовых габрэяй ды татараў. Рэгіён шырока паказвае сваю багатую ды шматнацыянальную традыцыю.
Вандраваў Юры Ліхтаровіч