Уладзіміру Караткевічу - 80!

Беларускае Радыё Рацыя
26.11.2010


26 лістапада выдатнаму беларускаму паэту, празаіку, драматургу, сцэнарысту, эсэісту ды слаўнаму сыну Беларусі Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 80 гадоў.

Генадзь Бураўкін у размове з журналістам Радыё Рацыя Сяргеем Будкіным узгадвае Караткевіча.

- Я не назаву дакладна дзень, калі мы пазнаёміліся. Але дакладна памятаю дзе і калі. Гэта было з 1956 годзе ў Каралішчывічах, куды мы - удзельнікі нарады Рэспубліканскіх маладых пісьменнікаў - з'ехаліся. Там былі Рыгор Барадулін, я, Юрась Свірка ды іншыя. Мы былі студэнтамі філфака, а Валодзя Караткевіч быў ужо настаўнікам у Кіеве. І вось ён прыехаў на гэтую нараду. Вось там мы і сышліся.  Паэтычны дэбют Караткевіча быў настолькі яркі, што мы бяспрэчна гэта заўважылі. Такім чынам атрымался наша першае знаёмства. Пасля, я быў на аддзяленні журналістыкі, паехаў на практыку ў аршанскую гарадскую газету "Ленінскі прызыў". Валодзя, калі даведаўся пра гэта, сказаў: "Прыязджай да мяне, будзеш жыць у мяне". І я месяц-два жыў у Караткевіча ў хаце на беразе Дняпра на той вуліцы, якая спачатку была вуліцай Варашылава, пасля Касманаўтаў, а зараз - Караткевіча. Былі жывымі яго бацька ды маці. У гэтай хатцы, цеснаватай, але вельмі інтэлігентнай, утульнай, я быў падчас практыкі. Спалі мы з Валодзем у пунцы на сене. Размаўлялі доўга. Тады мне стаў яшчэ больш зразумелым і адкрыўся гэты ўнікальна інтэлігентны, вельмі адукаваны і таленавіты чалавек. Можа тады, будучы маладым, я гэта не зразумеў так, як гэта разумею зараз, але ўжо адчуў і тады.

- Вам тады і Караткевічу не было і 30-ці год. Ці размаўлялі вы пра будучыню? Што вам бачылася ў гэтай будучыні?

- Канешне, размаўлялі пра будучыню. Размаўлялі пра сваю літаратурную будучыню, нам хацелася, каб нашыя творы друкаваліся , кніжкі выдаваліся. Валодзя распавядаў мне тады пра тое, што ён думаў напісаць і празаічныя  сур'ёзныя рэчы. Гаварылі пра яго аповесць "У снягах драмае вясна". Тады мне здалося дзіўным, што не "дрэмле" вясна, а "драмае". Валодзя казаў мне, ты ж зразумей, што дрэмле - гэта адное, а драмае - зусім іншае. Тады ўжо адчувалася яго гучанне, шматзначнасць словаў.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя