|
|
Дзякуючы шараговым беларусам польскія дасьледчыкі аднаўляюць памяць пра габрэйскую лякальную гісторыю ў Беларусі.
22 чэрвеня 1941 году стала пачаткам канца шматвекавой гісторыі габрэяў у Беларусі. Амаль мільён беларускіх габрэяў, безь якіх немагчыма ўявіць рэчаіснасьць у мястэчках і гарадах Беларусі да пачатаку вайны, сталі ахвярамі Галакосту. Тыя ж, хто здолеў уратавацца, пасьля вайны уцякалі зь Беларусі. Разам зь імі зьнікла вялікая габрэйская культура, вядомая на беларускіх землях яшчэ з 14 ст., і зьнікла памяць пра людзей, суседзяў, сяброў, а часам і непрыяцеляў.
Звычайны жыхар беларускага мястэчка наўрад ці сёньня пакажа месца, дзе калісьці стаяла сынагога, карчма, дзе пахаваныя габрэйскія мудрацы.
Але памяць не памрэ, пакуль жывыя сьведкі. Балазе, сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць аднаўляць і захоўваць веды пра мінуўшчыны. За аднаўленьне памяці пра габрэйскую прысутнасьць не землях былой Рэчы Паспалітай узяліся супрацоўнікі Музэю польскіх габрэяў, які будуецца ў Варшаве. Для гэтага яны стварылі адмысловы інтэрактыўны праект.
“Віртуальны штэтль” (www.sztetl.org.pl ) – гэта мультымэдыйны партал прысьвечаны габрэйскай лякальнай гісторыі. Штэтль на ідыш азначае мястэчка. Менавіта ў мястэчках бурліла некалькі габрэйскае жыцьцё ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Сярод 2300 мястэчак у базе дадзеных ільвіная доля знаходзяцца ў Беларусі. Ня дзіўна, што хутка пасьля старту праекту запрацавала й яго беларускамоўная вэрсія.
У жніўні 2010 году група аўтараў праекту ўпершыню наведала Беларусь. Распавядае Агата Максімоўска з парталу “Віртуальны штэтль”.
Агата Максімоўска: Мы ўжо наведалі каля 100 мясцовасьцяў у Беларусі. Зьбіралі інфармацыю пра габрэйскія помнікі, размаўлялі зь людзьмі, усё гэта можна пабачыць на нашым партале. На месцы мы супрацоўнічалі з фондам “Галакост”, Музэем гісторыі й культуры беларускіх габрэяў і габрэйскімі супольнасьцямі. Шмат у чым нам дапамаглі дасьледчыкі гэтай тэмы ў Беларусі, настаўнікі, студэнты, краязнаўцы.
Ю. Паплаўска: Гэта вельмі прыгожыя мясьціны. Мы былі ў старой драўлянай сынагозе ў Сьвіслачы, дзе на сутарэньнях захавалася цудоўная рознакаляровая мазаіка. Гэта зрабіла на нас моцнае ўражаньне. Выдатная сынагога захавалася ў Слоніме. Яе, як і шмат іншых, варта было б калісьці аднавіць. Такімі помнікамі беларусы павінны ганарыцца.
Пабачанае ў Беларусі моцна ўзрушыла польскіх дасьледчыкаў. Дзесяткі сынагог, пярліны архітэктуры, знаходзяцца ў вельмі занядбаным стане. Сёньня яны выконваюць функцыі крамаў, складоў, дамоў культуры й спартыўных заляў. Распавядае кінадакумэнталіст Юлія Паплаўска.
Падчас паездак па беларускіх вёсках і мястэчках супрацоўнікі “Віртуальнага штэтля” правялі шмат гутарак зь мясцовымі жыхарамі, якія памятаюць былых суседзяў-габрэяў. Дзякуючы такім размовам удалося выявіць невядомыя дагэтуль месцы масавых пахаваньняў габрэяў. У савецкія часы такія месцы пазначаліся надпісам “Месца пахаваньня мірнага насельніцтва”.
А. Максімоўска: Людзі вельмі добра памятаюць гэтыя страшныя выпадкі. Шмат людзей плакала, калі яны нам пра гэта распавядалі. Старэйшыя людзі памятаюць даваеннае жыцьцё габрэяў: як яны маліліся, ян гандлявалі, як жылі па-суседзку. Беларусы вельмі адкрытыя й вельмі ахвотна расказваюць пра гісторыю. Мне здаецца, што ў Польшчы першы сустрэты не раскажа з такім запалам пра гісторыю, як у Беларусі, дзе кожная асоба – гэта жывая энцыкляпэдыя й займальны этнаграфічны матэрыял.
Юлія Паплаўска была ў Беларусі тройчы. Усе тры разы ў якасьці кінадакумэнталіста. Відэаматэрыял, які яна зьняла падчас падарожжаў, будзе зьмешчаны на партале. Але гэта толькі пачатак, кажа сп. Юлія.
Ю. Паплаўска: Я мару паехаць у Беларусь са здымачнай групай, каб зрабіць дакумэнтальны фільм. Я здымала размовы з людзьмі, якія яшчэ памятаюць габрэйскі сьвет, сынагогі, могілкі. Здымала й звычайную Беларусь, тое, што нас у Польшчы можа вельмі зацікавіць. Бо я бачу, што ў Польшчы людзі насамрэч хочуць ведаць пра Беларусь і шукаюць гэтых ведаў. У польскіх СМІ пра Беларусь кажуць у трагічна-катастрафічных колерах, але насамрэч гэта ня так.
А. Максімоўска: Вялікае ўражаньне на мяне зрабілі могілкі ў вёсцы Ленін ля Копыля, дзе захаваліся драўляныя мацэвы. Гэта ўнікальная зьява. Калісьці такіх пахаваньняў было шмат, бо дрэва, як вядома, танная сыравіна й шмат бедных сем’яў ставіла такія помнікі па сваіх блізкіх. На жаль, мала зь іх захавалася. А тут, дзякуючы мікраклімату, яны захаваліся. Гэта ўнікальныя помнікі й нам удалося іх сфатаграфаваць. У Польшчы такіх мацэваў больш няма.
Каб захаваць памяць пра ўнікальную спадчыну габрэйскай культуры ў Беларусі і ўспаміны пра былых суседзяў аўтары праекту “Віртуальны штэтль” запрашаюць усіх ахвотных да супрацы. Зрабіць гэта можна высылаючы ў рэдакцыю парталу здымкі, артыкулы, гістарычныя матэрыялы, відэаматэрыялы, успаміны. Усё, што датачыць гісторыі габрэяў у беларускіх мястэчках. Партал працуе па ўзоры Вікіпэдыі. Жадаючы дапамагчы можа ўласнаручна пакласьці цагліну ў апісаньне гісторыі.
А. Максімоўска: Наша задача – гэта памяць. Мы хочам падтрымаць гэтую памяць, бо ў сёньняшнім сьвеце мы ўсё менш і менш ведаем наўпрост ад нашых продкаў. Шмат пра што мы даведаваемся дзякуючы сучасным існтрумэнтам. Мы ж хочам, каб пасьля сьмерці чарговых пакаленьняў гэтая памяць засталася. Мы спадзяемся, што дзякуючы гэтаму, ня толькі мы, але й нашыя дзеці ды ўнукі змогуць даведацца пра гэтую гісторыю.
На сайце www.sztetl.org.pl працуе сем моўных вэрсіяў. Штодзённа партал наведвае каля чатырох тысяч чалавек.
Здымкі: Агата Максімоўска, Юлія Паплаўска, Кшыштаф Бяляўскі.